З даўніною сам-насам

d18dd0bad181d0bad183d180d181d0b8d18e-d0b2-d188d0bad0bed0bbd18cd0bdd0bed0bc-d0bcd183d0b7d0b5d0b5-d0b2d0b5d0b4d191d182-d0bbd18ed0b4d0bc

    Вы памятаеце, як праходзілі ў ваш час урокі гісторыі? Падручнікі, даты, лічбы… А калі зрэдку даводзілася выйсці на экскурсію ці ў музей, то такі ўрок станавіўся сапраўднай падзеяй — цікавай і захапляльнай.
    Для вучняў Хабовіцкай школы праблемы наведаць музей практычна не існуе. Ён знаходзіцца ў школе. І, трэба адзначыць, музей выдатны – сіламі ўсяго педагагічнага калектыву і, ў прыватнасці, настаўніцы гісторыі і кіраўніка музею Людмілы Слінко, тут быў створаны сапраўдны куточак даўніны, дзе пануе непаўторная атмасфера старажытнасці.
    Яна ва ўсім – у народным адзенні, у ручніках, што ткалі яшчэ нашы бабулі, у прыладах працы. Апошніх, дарэчы, не пералічыць – тут і ткацкі станок, і цяжкі драўляны куфар, і нават вялікія каменныя жорны… Усе разам яны ствараюць своеасаблівы куточак сялянскай хаты – дапаўняе малюнак плеценая люлька, у якой калісьці калыхалі дзяцей нашы продкі.
    Побач, літаральна праз некалькі крокаў – прыгожа аформленыя стэнды. Гісторыя вёскі і яе знакамітыя людзі, летапіс школы, мясцовага храма. Сярод матэрыялаў, дарэчы, ёсць нават царкоўная грамата 1911 года, з падзякай мясцовым сялянам за ахвяраванні ў фонд будаўніцтва храма, які вяскоўцы наведваюць і сёння. А яшчэ – сапраўдная епітрахіль, якую дзеці аднойчы знайшлі… на лузе.
    Асобнае месца займаюць матэрыялы па тэмах “Яны прайшлі дарогамі вайны” і “З полымя Афгана”. Фотаздымкі, дакументы, гістарычныя звесткі аб тых, хто не пашкадаваў жыцця, абараняючы сваю Радзіму ці выконваючы інтэрнацыянальны абавязак, знойдзеныя штыкі і каскі заўсёды прыцягваюць увагу школьнікаў. Людміла Слінко пра гэта ведае добра – ўсё ж такі ў школе яна адпрацавала ўжо 27 гадоў.
    — Школьны музей – гэта не проста магчымасць зрабіць урок гісторыі на самой справе цікавым, — дзеліцца сваімі думкамі Людміла Сцяпанаўна. – Гэта – магчымасць не толькі расказаць, але і паказаць, і нават адчуць, як жылі нашы продкі, чым карысталіся ў штодзённым жыцці, якія мелі традыцыі. Тут нашы вучні знаёмяцца з гісторыяй малой радзімы, вучацца ганарыцца сваёй вёскай, больш даведваюцца пра сваіх продкаў і людзей, што сёння жывуць побач з імі, адчуваюць непарыўную сувязь пакаленяў.
    Мабыць, менавіта таму кожны ўрок гісторыі, што праходзіць у музеі, ператвараецца для вучняў у сапраўднае свята. Яно і зразумела — таго, што можна ўбачыць на ўласныя вочы, мабыць, не заменіць ні адзін, нават самы добры падручнік.

    Дзмітрый БЯЛОЎ.
    Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *