У тандэме працы і навукі

Збожжавыя, агародніна, пладовыя дрэвы і нават ягады – усё гэта расце на ўгоддзях аднаго сельскагаспадарчага прадпрыемства – на Кобрынскай сортавыпрабавальнай станцыі. Вынікі даследаванняў, якія тут праводзяцца, у многім вызначаюць, якія гатункі сельскагаспадарчых культур у хуткім часе будуць складаць аснову будучых ураджаяў нашай краіны.


— У час даследаванняў, якія праводзяцца на працягу трох гадоў, правяраюцца ўраджайнасць і ўстойлівасць да хвароб і шкоднікаў, кожны гатунак даследуецца на адметнасць, аднароднасць, стабільнасць і патэнтаздольнасць, — расказвае дырэктар Кобрынскай сортавыпрабавальнай станцыі Міхаіл Ігнатавец. — Атрыманыя паказчыкі павінны перавысіць эталон, у гэтым выпадку новы гатунак уключаецца ў дзяржаўны рэестр. Усяго ў нас адначасова праходзяць конкурсныя выпрабаванні 945 гатункаў збожжавых, кармавых культур і бульбы, акрамя таго, 350 гатункаў праходзяць тэсціраванне на патэнтным участку.
І выпрабаванні гэтыя вельмі строгія. Напрыклад, у выпрабаваннях на аднароднасць з 2 тысяч раслін на ўчастку дапускаецца толькі 1% адхіленняў. Тлумачыцца такі падыход вельмі проста: на гэтым этапе недапушчальна самая малая нядбайнасць, кошт пытання – эфектыўнасць сельскагаспадарчай вытворчасці. Менавіта таму на станцыі працуюць 12 аграномаў. На кожнага з іх прыходзіцца каля 120 гатункаў сельскагаспадарчых культур, каб выконваць такі аб’ём работы на належным узроўні, трэба быць не толькі спецыялістам, але і навукоўцам, і энтузіястам.
Дарэчы, сортавыпрабаванне – не адзіная сфера дзейнасці гэтай унікальнай гаспадаркі. Тут навука і праца злучыліся ў адно цэлае. У рэспубліцы Кобрынская сортавыпрабавальная станцыя – адна з трох такіх устаноў, якія маюць развітую жывёлагадоўлю. Сёння на адну карову ў суткі надой складае да 14 літраў, у планах – за 2 гады павысіць гэтую планку да 20 літраў. Як адзначае Міхаіл Ігнатавец, на 1 студзеня 2018 года ў гаспадарцы плануецца давесці ўзровень дойнага статку да 300 галоў, з мэтай павышэння якасці малака актыўна вядзецца селекцыя кароў. Развіваецца і мясная вытворчасць – на адкормачным участку даглядаюцца 240 галоў. Добра выглядае сітуацыя і з кармамі – на зімовы стойлавы перыяд нарыхтавана 29 цэнтнераў кармавых адзінак на ўмоўную галаву.
Хоць на момант нашага візіту на ўгоддзях гаспадаркі ўсе сельскагаспадарчыя культуры былі прыбраны, аграрыям было не да адпачынку. На палях поўным ходам вялося ўнясенне і заворванне арганікі – закладваліся падставы добрага ўраджаю будучага года. Застаецца толькі пажадаць, каб да выдатнага тандэма працы і навукі часцей далучалася добрае надвор’е, а ўсе намечаныя планы знайшлі сваё ажыццяўленне.
Дзмітрый БЯЛОЎ.
НА ЗДЫМКУ аўтара (злева направа): галоўны спецыяліст участка конкурснага сортавыпрабавання Раіса Гарбуз, Міхаіл Ігнатавец і начальнік аддзела конкурснага выпрабавання Яўгеній Курыга на вопытным полі азімых культур.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *