“Беларусь”: прадукцыя высокай якасці

Нядаўна шматпрофільная вытворча-гандлёвая фірма ТАА “Беларусь” адзначыла 20-гадовы юбілей. Фірма не толькі трывала ўтрымліваецца на хвалях рынку, але і дынамічна развівацца, будуе планы на перспектыву.

У кабінеце дырэктара Міхаіла Бляяна знаходзіцца шэраг узнагарод, якіх удастойвалася “Беларусь” на прэстыжных абласных і рэспубліканскіх конкурсах па прадпрымальніцтве. Кожны дыплом – своеасаблівая вяха ў жыцці прадпрыемства.


— На маё жаданне стаць бізнесменам паўплывала тое, што я меў вышэйшую адукацыю Усесаюзнага завочнага інстытута лёгкай і тэкстыльнай прамысловасці, і адпаведны прафесійны вопыт у мяне ўжо быў. Прайшоў усе ступенькі ад звычайнага рабочага да начальніка цэха на прадзільна-ткацкай фабрыцы “Ручайка”, — успамінае Міхаіл Якаўлевіч. — У пачатку дзевяностых гадоў для прадпрымальнікаў нішы бізнесу былі больш свабоднымі, і  жорсткай канкурэнцыі, як на сучасным этапе, не існавала. Разам з аднадумцамі вырашылі ўзяцца за вытворчасць, якая, на ўласны погляд, ніколі не страціць сваёй актуальнасці – выраб вытворчага спецадзення. На прадпрыемствах заўсёды патрэбны недарагія рабочыя касцюмы, халаты і інш.

Паводле інфармацыі начальніка аддзела маркетынгу “Беларусі” Алы Грыцук, сёння асвоены выпуск 50 відаў тавараў — пачынаючы ад пальчатак і заканчваючы зімовымі курткамі, якія маюць не толькі ўнікальныя ахоўныя ўласцівасці, але і прэзентабельны, сучасны выгляд. Над дызайнам адзення працуюць кобрынскія мастакі-мадэльеры. Сыравіна пастаўляецца як з Беларусі, так і з Расіі, Украіны і Кітая. Прадукцыю фірмы “Беларусь”, яе прывабны дызайн і якасць шмат гадоў ведаюць не па чутках мясцовыя пастаянныя кліенты. У іх ліку — ААТ “Кобрынаграмаш”, “Гідрамаш”, СТАА “ВП “Палессе”, сельгаспрадпрыемствы і прадстаўнікі малога і сярэдняга бізнесу, у тым ліку ўсе  будаўнічыя фірмы. Таксама прадукцыя пастаўляецца і на шэраг прадпрыемстваў рэспубліканскага значэння па ўсёй краіне – РУП “Светлагорскае хімвалакно”, Баранавіцкае баваўнянае аб’яднанне, ААТ “Магатэкс”, Мінскі завод “Крышталь” і інш.

— Кожны год прыкладна на 30 працэнтаў адзначаецца рост аб’ёмаў выпуску, — гаворыць намеснік дырэктара “Беларусі” Юрый Ануфрыюк. — На сучасным этапе створана і дзейнічае моцная, надзейная маркетынгавая служба, высокакваліфікаваныя спецыялісты якой знаходзяцца ў пастаянным руху. Павялічваецца і заработная плата. У сярэднім за 2010 год яна склала 1200000 рублёў. Усяго на прадпрыемстве працуюць 100 работнікаў. З ахвотай на фірму прымаюць і выпускнікоў Кобрынскага дзяржаўнага ліцэя сферы абслугоўвання.

Планава ажыццяўляліся мерапрыемствы і па тэхнічным пераўзбраенні вытворчасці. Цяпер швейнае абсталяванне абноўлена на больш як 90 працэнтаў, што дазваляе выпускаць канкурэнтаздольную прадукыю еўрапейскай якасці. На вытворчасці паспяхова ўкаранілася і дзейнічае сістэма менеджменту якасці ІСО 9001.

У далейшым плануецца пашырэнне вытворчасці. Дырэктар “Беларусі” адзначае, што ў недалёкай будучыні магчыма адкрыць уласную ткацкую вытворчасць, абсталяваць цэх афарбоўкі і тым самым яшчэ больш умацаваць пазіцыі на рынку.

Раман МЕЛЬНІК.

Фота аўтара.

НА ЗДЫМКУ: (справа налева) Міхаіл Бляян, Юрый Ануфрыюк і начальнік цэха Святлана Кірылюк; у вытворчых памяшканнях фірмы “Беларусь”.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Стаффордширский терьер на прогулке