“Варкаўт” – спорт, даступны для ўсіх

Падцягванне, пад’ём з пераваротам, афіцэрскі выхад сілай, “сонейка”, гарызантальны віс – цяжка нават уявіць сабе, колькі цікавых, карысных і прыгожых спартыўных практыкаванняў можна выконваць на звычайных турніках, брусах ці “шведскай сценцы”, якія можна зусім бясплатна знайсці на любым стадыёне. Майстар-клас з дэманстрацый таго, чаго можа дасягнуць любы жадаючы, прадставіла кабрынчанам маладзёжнае спартыўнае грамадскае аб’яднанне “Федэрацыя варкаўт”, якая ў рамках тура “Сіла Беларусі” нядаўна наведала Кобрын. Цікавая і відовішчная сустрэча сталічных “вулічных спартсменаў” з кобрынскай моладдзю прайшла ў РФАУ “Атлант”.


— Сённяшні візіт у Кобрын з’яўляецца часткай рэспубліканскага тура, задача якога — папулярызацыя здаровага ладу жыцця, — расказвае кіраўнік па рэалізацыі праектаў МСГА “Федэрацыя варкаўт”Аляксандр Сергіенка. – Мы жадаем, што называецца, пасеяць зерне – зацікавіць моладзь даступным для ўсіх відам спорту, дзякуючы якому кожны, падкрэсліваю, абсалютна кожны чалавек любога ўзросту і нават зусім без фізічнай падрыхтоўкі можа прывесці сябе ў добрую фізічную форму. Умова толькі адна – шчырае жаданне працаваць над сабой.


Як адзначыў Аляксандр, самаму малодшаму з тых, хто сёння займаецца варкаўтам у Федэрацыі, усяго 7 гадоў, а самы старэйшы ўдзельнік адзначыў 78-гадовы дзень нараджэння. Што ж датычыцца маладых спартсменаў, якія прыехалі да кабрынчан, то яны падарылі гасцям сапраўднае спартыўнае свята, а спартыўныя элементы, бліскуча выкананыя на прывезеных снарадах, выклікалі самыя шчырыя апладысменты. Не давялося сумаваць і гасцям, якім выпала магчымасць паспрабаваць свае сілы ў цікавых конкурсах. Тур “Сіла Беларусі” едзе далей, пакідаючы пасля сябе самае галоўнае – жывыя ўражанні і разуменне таго, што змяніць сябе можа кожны. Галоўнае – шчыра гэтага захацець.
Дзмітрый БЯЛОЎ.
НА ЗДЫМКАХ аўтара: моманты выступлення “вулічных спартсменаў”.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *