Білеты ў цікавае жыццё

Яны – актыўныя, крэатыўныя і гатовыя да новых стваральных ініцыятыў. Ужо сёння яны дэманструюць выдатныя вынікі ў вучобе і спорце, рэалізуюць свае творчыя здольнасці на сцэне, займаюць пачэсныя месцы на раённых, абласных і рэспубліканскіх конкурсах самага рознага накірунку. Яны – наша таленавітая моладзь, кансалідуючай сілай якой з’яўляецца ГА “БРСМ”. Нядаўна рады гэтага грамадскага аб’яднання папоўніліся свежымі сіламі – у ваенна-гістарычным музеі імя А.В. Суворава прайшла ўрачыстая цырымонія ўручэння членскіх білетаў вучням школ Кобрынскага раёна.


— Вельмі хутка гэтыя хлопцы і дзяўчаты, якія сёння ўступілі ў рады Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі, заўважаць, што ў іх жыцці з’явілася шмат новага, цікавага і карыснага, — падкрэсліў намеснік старшыні райвыканкама Валянцін Трубчык. – Яны – той маладзёжны атрад, на які мы ўскладаем вялікія надзеі. Сёння мы бачым нашу моладзь у спорце, у мастацкай самадзейнасці, у творчых конкурсах, выхаваўчых мерапрыемствах, валанцёрскіх атрадах і многіх другіх сферах. Поле дзейнасці вельмі шырокае, і я ўпэўнены, што пасля ўступлення ў рады “БРСМ”, гэтых магчымасцяў і дасягненняў стане яшчэ больш.
Як адзначыла першы сакратар раённага камітэта ГА “БРСМ” Марына Палявода, Кобрынская раённая арганізацыя Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі налічвала больш за 2344 члены, у час урачыстай цырымоніі было ўручана яшчэ 88 членскіх білетаў. Сімвалічным стала і месца ўручэння – у музеі сабрана мноства звестак і экспанатаў з самых розных перыядаў нашага мінулага, і менавіта тут лепш за ўсё ўсведамляюцца ўрокі гісторыі, якія дапамагаюць нам не рабіць памылак у сучаснасці і ўпэўнена глядзець у будучыню. А мы будзем працягваць уважліва сачыць за дасягненнямі нашай часткі моладзі і, зразумела, чакаць ад гэтых хлопцаў і дзяўчат актыўнага ўдзелу ў жыцці нашай Кобрыншчыны і новых добрых спраў.
Дзмітрый БЯЛОЎ.
НА ЗДЫМКУ аўтара: Валянцін Трубчык уручае членскія білеты ГА “БРСМ” моладзі Кобрыншчыны.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *