Аб дзейнасці кампаніі «Юнімілк»

Беларусь можа спыніць супрацоўніцтва з кампаніяй «Юнімілк» у выпадку невыканання ёю ўзятых на сябе абавязацельстваў. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 3 лютага на нарадзе па пытанню развіцця беларускай малочнай галіны.

«Калі вы ў першым квартале не выканаеце мае даручэнні, вы на рынку Беларусі больш працаваць не будзеце», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка, звяртаючыся да кіраўніцтва французска-расійскай кампаніі «Данон-Юнімілк».

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што супрацоўніцтва з гэтай кампаніяй невыпадкова разглядаецца на нарадзе. Паводле слоў Прэзідэнта, малочная галіна з’яўляецца смачным кавалкам для інвестараў, і ўсё часцей гэтыя пытанні пераходзяць у палітычную сферу.

Аляксандр Лукашэнка выказаў занепакоенасць у сувязі з тым, што супрацоўніцтва з кампаніяй «Юнімілк» абмяжоўваецца толькі перапрацоўкай і экспартам пітнога малака, гэта значыць фактычна вывазам сыравіны. «Мы яе пусцілі на наш малочны рынак, да сыравінных рэсурсаў на самых ільготных умовах. Але я катэгарычна папярэджваў аб недапушчальнасці вывазу з краіны прадукцыі з нізкай дабаўленай вартасцю. Больш таго, кампанія сама абяцала стварыць сучасныя малакаперапрацоўчыя прадпрыемствы і развіваць сваю сыравінную базу. Аднак рэалізацыі гэтых абяцанняў пакуль не відаць», — падкрэсліў Прэзідэнт.

«Мяне гэта да глыбіні душы абурае. Вы забылі, што вы працуеце не ў Расіі, а ў Беларусі. І пытанні карупцыі, пытанні дзяльбы, націску, дамоўленасці за рамкамі маіх рашэнняў недапушчальныя», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. «Я ведаю ўсё, нават пра што вы думаеце: як вы дзялілі дывідэнды, колькі атрымлівалі вашы прадстаўнікі ў Беларусі і г.д., нават куды вы гэтыя грошы накіравалі. Я ведаю ўсё», — дадаў ён.

«Я вас папярэджваў, што з вас ніхто не возьме ні капейкі, ніхто ад вас не будзе патрабаваць ніякага хабару, але вы працуйце сумленна. Я вызначыў вам напрамак работ», — адзначыў кіраўнік дзяржавы. «Вы вырашылі: Прэзідэнт няхай гаворыць, а мы тут па-свойму зробім. Памыляецеся!» — папярэдзіў Аляксандр Лукашэнка.

БЕЛТА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *