Зроблена ў Кобрыне. Кантроль за якасцю няспынна

img_6951

    “Княжаскі”, “Успенскі”, “Манастырскі”, “Эльтэрмані”… Гэта – цвёрдыя сыры вытворчасці Кобрынскага масларобча–сыраробчага завода, без якіх, напэўна, не абыходзіцца сёння ні адзін стол. А яшчэ — смятана, тварог, кефір і іншыя кісламалочныя прадукты — усяго больш за 100 найменняў прадукцыі, якая на працягу многіх гадоў карыстаецца нязменнай папулярнасцю сярод пакупнікоў. У чым сакрэт?
    — Нягледзячы на вялікую колькаць і разнастайнасць прадуктаў, што выпускаюцца на прадпрыемстве, сыравіна — за выключэнем спадарожных тавараў, як гарчыца, соусы, маянэз — у асноўным адна – малако. Менавіта таму яго якасці наша прадпрыемства надае вялікую ўвагу, — расказвае начальнік аддзела маркетынгу Галіна Гацук. – Мы забяспечваем гаспадаркі халадзільным абсталяваннем, маем участак па рамонту даільнай апаратуры, займаемся яе выязным абслугоўваннем. І, трэба адзначыць, малако паступае якаснае – толькі вышэйшым гатункам праходзіць каля 70%. Першапачатковы кантроль яго якасці, ад чаго ў многім залежыць смак канчатковага прадукту, пачынаецца яшчэ на малочнатаварных фермах.
    Кожны дзень прадпрыемства перапрацоўвае больш за 200 тон малака. Сыравінная зона – гаспадаркі Кобрынскага раёна. Малако, як вядома, мае здольнасць вельмі хутка губляць свае якасці. Таму чым менш часу праходзіць з моманту дойкі да таго, як яно будзе запушчана ў работу, тым лепш для канчатковага прадукту. І на ўсіх этапах – бесперапынны кантроль якасці. Напрыклад, у працэсе варкі сыру, якога, дарэчы, на прадпрыемстве выпускаецца больш за 20 найменняў, правяраецца кіслотнасць, праводзіцца кантроль па многіх іншых паказчыках. На ўтрыманне бялкоў, тлушчаў правяраецца і канчатковы прадукт. Для ўсяго гэтага завод мае спецыяльна абсталяваную лабараторыю, дзе кантралёры харчовай прадукцыі выяўляюць літаральна кожную асаблівасць сваіх вырабаў. Тое ж самае датычыцца і іншых відаў прадукцыі – напрыклад, не забываюць на заводзе і прадукты здаровага харчавання, такія, як ёдаванае малако, кісламалочны прадукт “Біястыль”, біфідакефір “Траецкі”.
    Паказчыкам якасці з’яўляюцца і сімпатыі спажыўцоў, якія вызначаюцца як у магазінах, так і на разнастайных выставах і конкурсах. А тут у прадпрыемства, сапраўды, ёсць чым пахваліцца. Успомнім, напрыклад, год мінулы. У лістападзе – “Лепшая кампанія СНД”, у снежні – “Лепшы прадукт года”, а таксама дыплом у намінацыі “Лепшыя тавары Рэспублікі Беларусь на рынках Расіі”, чарговае пацвярджэнне абласной прэміі па якасці. І ў гэтым годзе ўжо ёсць добры пачатак — так, за сыры “Сонечны” і “Сметанковы” прадпрыемства атрымала залаты медаль на расійскай выставе “ПрадЭкспа”.
    Дапамагаюць такія поспехі, дарэчы, і на шляху пераадолення крызісу, ва ўмовах якога, як і на іншых прадпрыемствах, аб’ёмы экспарту, на жаль, знізіліся. Але работа ў гэтым накірунку не стаіць на месцы — напрыклад, пасля ўдзелу ў выставе “ПрадЭкспа” пачалі наладжвацца кантакты з Казахстанам. А яшчэ, паводле слоў Галіны Гацук, завод сёння актыўна пашырае мясцовы рынак, удзельнічае ў кірмашах, у тым ліку ў Расіі, каб якасная і смачная прадукцыя стала яшчэ больш вядомай.
    Ёсць і планы на будучыню. Будуецца цэх заменніка натуральнага малака, якое выкарыстоўваецца для адкорму жывёлы, будзе праводзіцца мадэрнізацыя лініі па вытворчасці марожанага. І, канечне, будзе пашырацца далей асартымент цвёрдых сыроў, якія дарэчы, ужо даўно сталі візітнай карткай ААТ “Кобрынскі МСЗ”.
    Дзмітрый БЯЛОЎ.
    Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *