На Кобрыншчыне распачаліся восеньскія ярмаркі

З градкі – на кірмаш


Тое, што гандаль на восеньскіх кірмашах ідзе поўным ходам, было відаць здалёк – раз-пораз мужчыны неслі на сваіх моцных плячах сеткі бульбы, морквы, капусты…
На кірмашы былі запрошаны не толькі прадпрыемствы, але і ўсе жадаючыя фермеры і простыя жыхары раёна, якія хацелі прадаць лішкі са свайго агарода.
Гандаль ішоў на чатырох пляцоўках горада. На адну з іх, што знаходзілася каля гандлёвага цэнтра “Палессе”, завітаў і карэспандэнт “КВ”.
Любімая ўсімі бульба, якую куплялі далёка не па адной сетцы, каштавала па 30 капек за кілаграм, па такой жа цане можна было купіць і капусту. Што тычыцца морквы і цыбулі, то цана на іх была крыху вышэй у залежнасці ад гатунку.
Кірмашы — час закупацца яблыкамі. Іх можна было набыць па 1,2 – 1,55 рубля.
Сёлета многа было прадаўцоў з саджанцамі. Напрыклад, прывычныя яблынькі можна было набыць па 4-6 рублёў, іншыя дрэўцы крыху даражэй. Прыемна здзівіла вялікая наяўнасць саджанцаў вінаграду, а самі ягады каштавалі даволі танна – па 2-3 рублі. Вялікі выбар быў і дэкаратыўных раслін, прызначаных для ландшафтнага дызайну.
Для прыхільнікаў сухафруктаў гандляры прапаноўвалі кізіл, за невялічкі пакецік якога прасілі 2 рублі, разынкі, курагу, чарнасліў. Аматары рыбы таксама не пакінулі кірмаш з пустымі сумкамі.


Наперадзе яшчэ чакаецца дзве кірмашныя суботы. Так што той, хто не паспеў закупіцца на зіму, зможа гэта зрабіць ўжо ў бліжэйшую суботу.
Людміла ПАШКОВІЧ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *