Шчасце мацярынства

“Не тая маці, што нарадзіла, а якая выгадавала” – трапна вывелі сваю мараль нашы далёкія продкі многа гадоў назад. І паспрабуй тут нешта дабавіць, адняць або аспрэчыць. Дзеці, якія выхоўваюцца ў доме сямейнага тыпу, гаспадарамі якога з’яўляюцца Алена і Віктар Асяюк, як ніхто іншыя разумеюць глыбокі сэнс гэтай прымаўкі. Вось ужо амаль 5 гадоў Алена Сяргееўна аддае частачку свайго вялікага сэрца не толькі родным дзецям, але і тым, хто ў сілу пэўных абставінаў пазбавіўся самага галоўнага – бацькоўскай ласкі, увагі, цяпла і роднага дома.


Рашэнне ўзяць на выхаванне чужых дзяцей і стаць для іх маці, а па-іншаму сказаць у дачыненне да Алены, проста нельга, прыйшло не раптам. Сваё жаданне яна доўга выношвала, баючыся прызнацца пра сваю мару нават самым блізкім людзям. Будучы перфекцыяністам, яна разумела –рашэнне павінна быць прынята раз і назаўсёды, бо дзеці, якія адночы ўжо перанеслі псіхалагічную траўму, у другі раз здраду могуць не дараваць і не паверыць у шчырыя пачуцці дарослых. На дзіва, муж, дачка і сын, даведаўшыся пра намеры Алены, падтрымалі яе і запэўнілі, што яна справіцца.
Сама Алена Сяргееўна рана засталася без маці, таму жаданне самага роднага чалавека — бачыць дачку настаўніцай- выканала. Педагогу па адукацыі, маёй гераіні, безумоўна, прафесія дапамагае.
— У большай частцы, калі вучым з дзецьмі ўрокі, — жартаўліва заўважае жанчына. — Працы па псіхалогіі Каменскага ці парады Макаранкі, іх веданне карысна, але што гэта ўсё ў параўнанні з рэальнай практыкай, з жывым чалавечкам, які нягледзячы на свой юны ўзрост ужо столькі паспытаў несправядлівасці, што яго жаданне не вылазіць з шкарлупіны, у якой ён схаваўся ад рэальнасці, нават часам перамагае дзіцячую цівасць і адкрытасць.
Як жа знайсці падыход, як ухапіцца за тоненькую нітачку клубочка, схаванага ў сэрцы, каб раскруціць яго, ненарокам не парваўшы, як адкрыць дзіцяці новы свет, у якім пануе згода, гармонія, павага, узаемаразуменне? У чым жа крыецца галоўны сакрэт выхавання Алены, поспех якога чытаецца ў шчаслівых вачах яе выхаванцаў, у іх адкрытых усмешках і лёгкіх жартах?
-Усё даволі прасцей, чым здаецца на першы погляд. Любоў і толькі. Без фальшы, бо дзеці яе адразу распазнаюць, любоў у пачуццях, справах, словах. Яна і падкажа правільныя рашэнні задач з шматлікімі невядомымі, — сцвярджае Алена Асяюк.
Аўра, якая пануе ў гэтым доме, без лішніх слоў дае адчуць і зразумець, што шасцёра прыёмных дзяцей, якія на дадзены момант знайшлі тут свой прытулак, сагрэты цеплынёй і ласкай, што выпраменьвае Алена. Кожны новы дзень яна растварацца ў сваёй вялікай сям’і, гарыць цёплым агеньчыкам, на які злятаюцца яе матылькі. Прыцягвае да сябе гэты агеньчык і чацвярых выхаванцаў-выпускнікоў, якія імкнуцца ўжо пабудаваць самастойнае жыццё, набываюць прафесію, уладкоўваць свае ўзаемаадносіны з людзьмі. Яны ведаюць, што заўсёды могуць разлічваць тут на дапамогу, добрую параду і прытулак. Алена Сяргееўна спадзяецца, што сорам ніколі не ахопіць яе за сваіх выхаванцаў і ў душы працягвае верыць, што калі-небудзь магчыма яшчэ загарыцца для іх свет і ў тым доме, дзе яны ўпершыню ўбачылі свет…
А як жа ўласнае жыццё, свае інтарэсы, можа заўважыць дасціпны чытач, яно ж таксама трэба чалавеку як паветра, каб не ператварыцца ў вугельчык.
— Не паверыце, але яно ў мяне больш насычанае, чым тады, калі было, здаецца, шмат вольнага часу. Толькі зараз зразумела, што той час быў патрачаны мной марна. З Дзімай я палюбіла лёд, з Сярожам – з задавальненнем выкіну адрэналін на тэнісным корце, Паліна адкрыла мне вялікі свет класічнай музыкі, багатую палітру чароўных гукаў, што ствараюцца клавішамі піяніна… Я шчаслівая маці.
А шчаслівай маю гераіню робяць дзеці, якіх яна ніколі не дзеліць на сваіх і чужых.
Алена БАКУН.
НА ЗДЫМКУ: сям’я Асяюк.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *