Спартакіяда “Вертыкаль-2017” прайшла на Кобрыншчыне

На асабістым прыкладзе
Дух спаборніцтва, маса прыемных эмоцый і чарговы доказ таго, што здаровы лад жыцця на нашай Кобрыншчыне крок за крокам упэўнена набірае новыя абароты. Гэта – чарговая спартакіяда “Вертыкаль-2017” з удзелам прадстаўнікоў заканадаўчай і выканаўчай улады, якая нядаўна прайшла на базе Кобрынскай КСДЮШАР. У спаборніцтвах прынялі ўдзел старшыня райвыканкама Аляксандр Зазуля, старшыня раённага Савета дэпутатаў Іван Даўжук і дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Васілій Дземідовіч.

— Сённяшняе мерапрыемства — гэта перш за ўсё непаўторная атмасфера, выдатныя ўзаемаадносіны і спорт, які аб’ядноўвае людзей, — адзначыў старшыня райвыканкама Аляксандр Зазуля. – Акрамя таго, менавіта гэтыя спаборніцтвы выявяць тых, хто будзе абараняць Кобрыншчыну на абласной спартакіядзе, на якой, я спадзяюся, мы пакажам сябе з самага лепшага боку.
На працягу спартакіяды ўдзельнікі спаборнічалі ў такіх дысцыплінах, як шашкі, шахматы, настольны тэніс, дартс, валейбол і плаванне, акрамя таго, пад эгідай Кобрынска-Маларыцкай МРАС ДТСААФ на базе СШ № 7 г. Кобрына прайшлі спаборніцтвы па стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі. За званне пераможцаў змагаліся 4 каманды, якія былі арганізаваны згодна з накірункамі дзейнасці – сацыяльнай сферы, сельскай гаспадаркі, эканомікі, а таксама архітэктуры і будаўнічага комплекса.
— На Кобрыншчыне створаны проста выдатныя ўмовы для тых, хто жадае займацца спортам, уключаючы шматлікія аб’екты, басейны, выдатныя спартыўныя залы, і хіба толькі вельмі лянівы чалавек можа ўсё гэта ігнараваць, — падкрэсліў намеснік старшыні райвыканкама Валянцін Трубчык. – Сённяшняе мерапрыемства таксама павінна паўплываць на тое, каб як мага больш людзей, у тым ліку дзяржаўных служачых, сталі бліжэй да спорту, які робіць больш цікавым наша жыццё і ўдасканальвае нас саміх.
Трэба адзначыць, што спартакіада падарыла мноства яркіх эмоцый як удзельнікам, так і балельшчыкам. На другім паверсе спартсмены абменьваліся імклівымі падачамі за тэніснымі сталамі, побач засяроджваліся над дошкамі шахматысты і шашысты, у басейне пад крыкі падтрымкі праходзіла эстафета.
Масу адрэналіна падарылі спаборніцтвы па валейболе, дзе з самага пачатку выдатна сябе праявіла каманда сацыяльнай сферы, якая ў выніку і атрымала “золата”, пацясніўшы на другое месца валейбалістаў аддзела эканомікі. Напружаным і цікавым выдаўся і матч за трэцяе месца, у час якога за кошт выдатнай волі да перамогі каманда ўпраўлення сельскай гаспадаркі літаральна вырвала перамогу ў каманды архітэктуры і будаўніцтва.
Што ж датычыцца пераможцаў па выніках спартакіяды ў цэлым, то па інфармацыі аддезла адукацыі спорта і турызму райвыканкама, першае месца заняла каманда ўпраўлення сельскай гаспадаркі, другое — спецыялісты архітэктуры і будаўічага комплексу, трэцяе — каманда сацыяльнай сферы, чацьвёртае — каманда дэпутатскага корпусу і аддзела эканомікі. Ну а для тых спартсменаў, якія паказалі найлепшыя вынікі, усё толькі пачынаецца, і мы абавязкова будзем хварэць за іх у час абласной спартакіяды “Вертыкаль”.
Дзмітрый БЯЛОЎ.
НА ЗДЫМКУ аўтара: моманты спартакіяды.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *