“Аўтапарк №16 г. Кобрына” лепшы ў вобласці

І майстэрства, і бяспека, і камфорт


“Змейка”, паркоўка, заезд у імправізаваны “гараж” – кожны, хто мае вадзіцельскае пасведчанне, хоць раз у жыцці выконваў гэтыя практыкаванні. Аднак уявіце сабе на хвілінку, што замест спрытнай “легкавушкі” вам трэба зрабіць тое ж самае на 12-метровым аўтобусе ці магутным самазвале, ды яшчэ – хутчэй і якасней, чым шматлікія сапернікі. Між тым, гэтыя прыклады – толькі некаторыя са шматлікіх выпрабаванняў, якія прыйшлося пераадолець удзельнікам абласнога конкурсу прафесіянальнага майстэрства вадзіцеляў, што нядаўна прайшоў на базе філіяла РУП “Брэстаблаўтатранс” “Аўтапарк № 16 г. Кобрына”.
— Конкурс праводзіцца ў два этапы – у час першага прэтэндэнты дэманструюць прафесіянальнае майстэрства ўпраўлення транспартнымі сродкамі, а ў час другога – веданне правілаў дарожнага руху, — расказвае начальнік аддзела аховы працы і бяспекі руху ААТ “Брэстаблаўтатранс” Мікалай Кавалевіч. — За кожную памылку на працягу выпрабаванняў налічваецца адпаведная колькасць штрафных балаў — хто набірае іх менш, той і перамагае. Спаборніцтвы праходзяць у трох намінацыях – сярод вадзіцеляў аўтобусаў “МАЗ-103”, “Радзіміч” і самазвалаў.
Як адзначыў Мікалай Міхайлавіч, выбар аўтапарка № 16 г. Кобрына, які ўжо не першы раз сустракае абласны конкурс, невыпадковы – цяжка знайсці лепшую пляцоўку для такога маштабнага мерапрыемства, чым у Кобрыне. Завяршаецца жараб’ёўка, і першы “МАЗ-103” пад кіраўніцтвам кабрынчаніна Анатолія Дзеркача зрываецца са стартавай прамой. Праехаць па вузенькай каляіне, зняць з адной апоры эстафетнае кальцо і перавесіць яго на другую, прыпаркавацца ў вузенькі “гараж” і не зрушыць з месца ніводнай адметкі – уся траса, выкананая проста бездакорна, займае ў кабрынчаніна лічаныя хвіліны. На практыцы ж узровень гэтага майстэрства вельмі добра адчуваюць пасажыры – калі вадзіцель дасканала ведае сваю справу, то аўтобус не выбіваецца з графіка ды і едзе значна раўней. А гэта – камфорт пасажыраў і бяспека ўсіх удзельнікаў дарожнага руху.


Той факт, што прафесіянальнае майстэрства кабрынчан знаходзіцца на належным узроўні, пацвердзілі і вынікі конкурсу. Ганаровае першае месца ў агульнакамандным заліку другі год запар заняў філіял “Аўтапарк №16 г. Кобрына” ААТ “Брэстаблаўтатранс”, другое дасталося філіялу “Аўтавакзал г. Брэста” ААТ “Брэстаблаўтатранс” , а трэцяе месца заваявала ААТ “Брэсцкі аўтобусны парк”. Застаецца толькі павіншаваць пераможцаў і парадавацца, што за рулём грамадскага транспарту ў нас працуюць сапраўдныя прафесіяналы.


Дзмітрый БЯЛОЎ,
НА ЗДЫМКАХ аўтара: (злева направа) вадзіцелі філіяла “Аўтапарк № 16 г. Кобрына” Сяргей Сулаўка і Анатолій Дзяркач, начальнік аддзела аховы працы і бяспекі руху філіяла “Аўтапарк №16 г. Кобрына” Андрэй Раманюк, намеснік генеральнага дырэктара РУП “Брэстаблаўтатранс” Ірына Жук, начальнік аддзела аховы працы і бяспекі руху ААТ “Брэстаблаўтатранс” Мікалай Кавалевіч; на конкурснай трасе – Анатолій Дзяркач.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *