Кобрыншчына адзначыла Дзень работнікаў культуры

“Беражыце свае карані!”


Бывае так, што лёс нібыта сам выбірае чалавека, з ранняга дзяцінства вызначаючы яго жыццёвы шлях. Менавіта так склалася ў нашай сённяшняй гераіні – дырэктара Хабовіцкага Дома культуры, спявачкі, гаспадыні і прыгажуні Вольгі Гурыч.
— Так ужо атрымалася, што ў нашай сям’і спявалі ўсе, — успамінае Вольга Адамаўна. – Жылі мы з сям’ёй на Украіне, і ўжо ў трэцім класе, калі настаўніца спытала, хто кім хоча быць, я сказала, што буду спяваць. Таму пасля школы асаблівых ваганняў не было – скончыла Луцкае вучылішча культуры па спецыяльнасці “кіраўнік народнага самадзейнага хору” і ўладкавалася на першае рабочае месца настаўнікам у школу.
На дапамогу прыйшоў лёс – выпадкова маці Вольгі Адамаўны даведалася, што ў Хабовіцкі сельскі Дом культуры патрабуецца мастацкі кіраўнік. А далей – як у песні: палюбіць Беларусь вельмі проста, трэба толькі прыехаць сюды. За будучай справай жыцця Вольга з мужам пераехала на Кобрыншчыну. З тых часоў прайшло ўжо 24 гады, на працягу якіх жыццё іх непарыўна звязана з Беларуссю і з гасцінным хабовіцкім куточкам. Дзесяцігоддзе назад Вольга Гурыч стала дырэктарам Хабовіцкага Дома культуры.
— Вельмі радуе, што ў апошні час людзі самага рознага ўзросту пачынаюць актыўна цікавіцца сваёй гісторыяй, — расказвае Вольга Адамаўна. – Прыходзяць самі і прапануюць — хто песню, якую спявалі іх матулі і бабулі, хто нейкія аўтэнтычныя прадметы народнага строю, каб не прапала, не згінула ў цемры гадоў, каб дасталося дзецям і ўнукам. Калі на ўласныя вочы бачыш гэты клопат, лепш за ўсё разумееш, што працуеш не дарэмна. Самае галоўнае – зберагчы нашы карані, нашу гісторыю, памяць пра мінулае. Тады і ў будучыню можна глядзець спакойна.
Разам са сваімі паплечнікамі Вольга Гурыч збірае фальклор. Добрую дапамогу ў гэтай справе аказваюць мясцовыя жыхары, такія як Соф’я Камісарук, Акуліна Кірысюк, Ніна Жарын. Вялікая колькасць мерапрыемстваў праходзіць у супрацоўніцтве з нядзельнай школай, якая дзейнічае пры мясцовым храме Покрыва Прасвятой Багародзіцы. Як адзначае Вольга Адамаўна, дзецям вельмі падабаецца апранаць адзенне мясцовага строя, яны з асалодай спяваюць народныя песні, з вялікай цікавасцю ставяцца да традыцыйных абрадаў.
Ёсць у Вольгі Гурыч і яшчэ адна сфера дзейнасці – народны ансамбль народнай песні “Бурштын”, які яна ўжо дзесяць гадоў шчыра называе сваёй другой сям’ёй. Дзякуючы калектыву Вольга Адамаўна ўбачыла свет і адкрыла ў сабе новыя здольнасці і магчымасці для развіцця. А нядаўна шматгранную спявачку запрасілі ў яшчэ адзін калектыў – “Кобрынскі гармонік”. Па слядах маці пайшла і дачка, якая сёння працуе ў Мінску, у дзяржаўным ансамблі “Свята”. Дарэчы, у маці з дачкой атрымаўся выдатны сямейны тандэм — вялікая колькасць разнастайных дыпломаў адрасавана менавіта Вользе і Алёне Гурыч. Хаця, як адзначае Вольга Адамаўна, інакш у культурнай сферы і не бывае – толькі калі адчуваеш за плячамі моцную падтрымку ўсёй сям’і, зноў і зноў узнікаюць сілы і натхненне на яркія ідэі і новыя дасягненні.
Дзмітрый БЯЛОЎ.
НА ЗДЫМКУ аўтара:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *