Кобрыншчына адзначыла дзень машынабудаўніка

ААТ “САЛЕА-Кобрын”: Прынцыпы, якія дапамагаюць заваяваць свет

У жыцці кожнай асобы здараюцца ўзлёты і падзенні. А што  казаць пра вялікае прадпрыемства, поспех работы якога залежыць не толькі ад добрасумленнай працы саміх работнікаў, але і ад многіх іншых фактараў? 

Буйнейшае прадпрыемства рэгіёна ў галіне машынабудавання ААТ “САЛЕА-Кобрын” за гады свайго існавання перажывала і росквіт, і заняпад. У залежнасці ад подыху часу змяняліся абсталяванне, тэхналогіі, аб’ёмы прамысловай вытворчасці. Сёння  прадпрыемства займае трывалыя пазіцыі на рынку збыту і будуе грандыёзныя планы: тэхнічнае перааснашчэнне, мадэрнізацыя абсталявання, удзел у прывабных інвестыцыйных праектах .

Першы намеснік дырэктара Аляксандр Казакоў працуе на прадпрыемстве  ўжо шосты год.   За гэты час на яго вачах на прадпрыемстве адбылося шэраг станоўчых працэсаў.  

– Сёння ў цэхах завода вырабляюць больш за 800 відаў гідрацыліндраў да аўтамабіляў, трактароў і іншай дарожна-будаўнічай і сельскагаспадарчай тэхнікі.  Прадукцыя карыстаецца попытам. Асноўнымі пакупнікамі з’яўляюцца буйнейшыя машынабудаўнічыя прадпрыемствы Беларусі – Мінскі трактарны і Мінскі аўтамабільны заводы, ААТ “Бабруйскаграмаш”, “Гомсельмаш”, “Амкадор”.  На гэтых прадпрыемствах нашы вырабы пастаўлены на канвеер, заказы паступаюць рэгулярна, што дазволіла нам наладзіць зладжаную работу. Цікавяцца нашымі вырабамі і замежныя партнёры. Мы выконваем заказы для прадпрыемстваў Расіі, Літвы, Венгрыі, Ізраіля, Егіпта, Кітая, Пакістана, Бангладэш, распрацоўваем новыя рынкі збыту ў Фінляндыі і азіяцкіх краінах, – паведаміў  Аляксандр Ігаравіч.

Апошнім часам на заводзе адбываецца мадэрнізацыя, звязаная з устаноўкай новага абсталявання. У механазборачным цэху № 1 былі ўстаноўлены два станкі з лічбавым праграмным кіраваннем японскай карпарацыі Mazak, якія абслугоўвае аператар Уладзімір Аверкін. Галоўная місія прадпрыемства — павышэнне ўзроўню якасці і канкурэнтаздольнасці выпускаемай прадукцыі, якая адпавядае патрабаванням стандартаў і запытам спажыўцоў.  Таму інтэлектуальныя станкі  былі набыты непасрэдна ў Японіі, што сведчыць аб іх сапраўднай якасці і эфектыўнасці. Дзякуючы гэтаму абсталяванню,  ужо на пачатковых этапах прадпрыемства атрымала шэраг пераваг. Па-першае, павялічылася прадукцыйнасць за кошт скарачэння вытворчага цыклу. Па-другое, забяспечваецца звышдакладная апрацоўка матэрыялаў, што значна паскарае тэхналагічны працэс – з моманту запуску ў вытворчасць да атрымання гатовага вырабу. Таксама назіраецца і зніжэнне сабекошту прадукцыі, у тым ліку за кошт эфектыўнага размеркавання працоўных рэсурсаў. Справа ў тым, што абслугоўванне двух велізарных станкоў Mazak магчыма сіламі аднаго аператара. Дзякуючы энерга-і рэсурсазберажэнню адбываецца значнае скарачэнне эксплуатацыйных выдаткаў.

Энергаёмістыя, шматфункцыянальныя станкі патрабуюць ад работніка ўжо не столькі фізічнай, сколькі інтэлектуальнай працы, таму на такім агрэгаце працуюць  толькі дасведчаныя ў праграмаванні спецыялісты, якія прайшлі навучанне на галоўным прадпрыемстве холдынгу ў Дзяржынску. Гэтыя перавагі ў выніку дазволілі прадпрыемству павысіць якасць прадукцыі і ўмацаваць свае пазіцыі на рынках збыту. Цэх з новым абсталяваннем працуе нават  у тры змены, умовы працы значна палепшыліся, заработная плата вырасла да 1 тысячы рублёў.

Кіраўніцтва холдынгу плануе неўзабаве правесці мадэрнізацыю ўсяго цэха.  Напярэдадні свайго прафесіянальнага свята машынабудаўнікі Кобрыншчыны жывуць надзеямі на станоўчыя вынікі новага інвестыцыйнага праекта, які абмяркоўваецца ў гэтыя дні на міжнародным узроўні. Інвестары з Кітая прапаноўваюць доўгачасовы праект, які прадугледжвае   поўную рэканструкцыю вытворчага абсталявання.

Жанна ЕЛІЗАРАВА.

НА ЗДЫМКУ аўтара: (злева на права) першы намеснік дырэктара Аляксандр Казакоў, аператар станкоў з ЛПК Уладзімір Аверкін і інжынер-тэхнолаг Аляксандр Русак абмяркоўваюць работу новага абсталявання.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *