ДА 500-ГОДДЗЯ КНІГАДРУКАВАННЯ

ДА 500-ГОДДЗЯ КНІГАДРУКАВАННЯ

У год 500-годдзя айчыннага кнігадрукавання нельга не згадаць пра бабулю нашай літаратурнай мовы – дыялектную мову.  Менавіта яна стала асновай для фарміравання беларускай літаратурнай мовы, на якой затым і стваралася айчыннае прыгожае пісьменства. Больш таго, многія аўтары шчодра аздаблялі  свае творы моўнымі залацінкамі роднай мясцовасці. Цікава і тое, што ў Беларусі склалася такая моўная сітуацыя, што нярэдка не толькі ў розных раёнах, але і нават у розных кутках адной і той жа вёскі людзі могуць размаўляць па-рознаму.

Мне пашчасціла некалькі разоў ў 80-90-я гг. мінулага стагоддзя браць удзел у дыялекталагічных экспедыцыях. Мы запісвалі ад старажылаў розных мясцовасцяў Бацькаўшчыны гэтыя каштоўныя залацінкі народнай мовы, знаёміліся з укладам жыцця і быту ў многіх рэгіёнах. Занатовак хапіла на некалькі сшыткаў. А гэта ўсё бессмяротнае багацце нашай спадчыны, якое можа беззваротна знікнуць разам з апошнімі старажыламі зямлі роднай. Таму сёння хочацца  яшчэ раз звярнуцца да маладога пакалення: часцей сустракайцеся з шаноўнымі землякамі, занатоўвайце іх жыццёвую мудрасць і моўныя багацці. Унукі і ўнучкі, вас чакаюць у госці бабулі і дзядулі, якія вам і раскажуць казкі, паданні, і праспяваюць, і навучаць жыццёвай мудрасці.

На шчасце, дыялектнай эстэтыцы і красамоўству нам ёсць у каго павучыцца. Шмат дыялектызмаў запісаў  ураджэнец вёсачкі Лаша Гродзенскага павета Яўхім Карскі. Ён падрыхтаваў “Праграму для збору асаблівасцяў беларускіх гаворак” (1897 і 1916), якая не страціла сваёй актуальнасці і ў наш час. Скрупулёзна  вывучаў беларускія гаворкі ў час камандзіровак, асабліва на Гродзеншчыне, Віленшчыне, Міншчыне. Мне асабліва падабаецца яго даследаванне “Беларускія песні с. Беразавец Навагрудскага павета”. А яго праца “Беларусы” – гэта вышэйшае дасягненне еўрапейскай славістыкі канца ХІХ ст., сапраўдная  энцыклапедыя беларусазнаўства. Цікава, што прарадзімай славян Карскі лічыў Палессе (басейн Прыпяці, верхняга Нёмана і ніжняй Бярэзіны). Ён вызначыў час фарміравання беларускай народнасці (ХІІ – ХV ст.), сцвярджаў, што ў аснову беларускай народнасці ляглі плямёны дрыгавічоў, радзімічаў і крывічоў.  Надзвычай цікавым з’яўляецца другі том “Беларусаў” —  “Мова беларускага племені” (1908-1912).

Пасля заканчэння Другой сусветнай вайны Інстытутам мовазнаўства АН Беларусі сумесна з ВНУ рэспублікі  было арганізавана падрабязнае і сістэматычнае вывучэнне гаворак. На падставе сабраных матэрыялаў быў складзены  «Дыялектычны атлас беларускай мовы» (1963), а затым “Лексічны атлас беларускіх народных гаворак” (1993-1998). Дарэчы,  не ўсе мовы свету  могуць пахваліцца такімі фундаментальнымі  даследаваннямі.  

Традыцыйна вылучаюцца  асноўныя групы дыялектаў: паўночна-ўсходні – Віцебшчына, паўночны ўсход і цэнтральная частка Магілёўшчыны; віцебская група —  усход Віцебшчыны; полацкая група —   заходняя і цэнтральная часткі Віцебшчыны і паўночны захад Магілёўшчыны; усходне-магілёўская — усход і частка цэнтра Магілёўшчыны; сярэднебеларускія дыялекты — паласа праз поўнач Гродзеншчыны, цэнтр Міншчыны, паўднёвы захад Магілёўшчыны і паўночны ўсход Гомельшчыны; паўднёва-заходні дыялект —  Гродзеншчына, поўдзень Міншчыны і Гомельшчыны; гродзенска-баранавіцкая група  — Гродзеншчына  і поўнач Брэстчыны; слуцкая група  — поўдзень і паўднёвы ўсход Міншчыны, Гомельшчыны; мазырская група —  поўдзень Гомельшчыны; палеская група  —  паўднёвы захад Брэстчыны.

Існуе тэрмін “загародскія гаворкі”, якім акрэсліваюць брэсцка-пінскія гаворкі заходнепалескага дыялекту. Ён быў утвораны ад назвы гістарычнай часткі Піншчыны, старажытных шляхоў і аднайменнай раўніны. Тэрмін у навуковы зварот увёў знакаміты дыялектолаг Фёдар Клімчук, ураджэнец вёскі Сіманавічы Драгічынскага раёна. Яшчэ ў 1962 годзе ён пачаў супрацоўнічаць з мовазнаўцам, вялікім прыхільнікам дыялекталогіі  Мікітам Талстым, праўнукам Льва Талстога.  Дарэчы, Фёдар Данілавіч пераклаў некаторыя творы рускага класіка на палескую гаворку.  Пераклаў  таксама на родную гаворку і Біблію.

 Шмат для вывучэння палескіх гаворак зрабіла Заходнепалескае навукова-краязнаўчае таварыства “Загароддзе”. Мне пашчасціла прысутнічаць у Мінску на адным з яго пасяджэнняў. Багаты дыялектны збор  быў змешчаны ў  выпусках выдання «Беларуская дыялекталогія. Матэрыялы і даследаванні», пачатак якога як перыядычнага выдання быў пакладзены ў 2010 г.

Трэба сказаць, што не толькі вучоныя, энтузіясты роднага слова, патрыёты сваёй мясцовасці, але і пісьменнікі лічылі неабходным занатоўваць гаваркія слоўцы  сваёй мясцовасці. Гэтай высакароднай справе сёння дапамагае інтэрнэт, выходзяць электронныя выданні. Так што інтэрнэт-прастора сёння шырока адкрыта і для рупліўцаў матчынай мовы – нашчадкі потым скажуць дзякуй!

 Пералічу найбольш адметныя кнігі, слоўнікі, працы,  што былі выдадзены  ў розныя гады ХХ і ХХІ стагоддзяў: Абабурка М. В. Дыялектызмы ў творах беларускіх савецкіх пісьменнікаў: Кароткі слоўнік-даведнік; Арашонкава Г. У., Чабатар Н. А. Тлумачальны слоўнік адметнай лексікі ў творах Якуба Коласа; Барадулін Рыгор.  “Вушацкі словазбор”;  Варлыга А. Краёвы слоўнік Лагойшчыны; Гілевіч Н. Дыялектны слоўнік; Иванова А. А. Микротопонимия Мозырского Полесья; Каспяровіч М. Віцебскі краёвы слоўнік; Клундук С. С. Слова да слова — будзе мова: Дыялектны слоўнік в. Фядоры; Купрыенка В. А., Шур В. В. Матэрыялы да слоўніка Мазырскага Палесся; Кучук І. М., Малюк А. К. Палескі слоўнік: Лельчыцкі раён; Ляшкевіч І. Альпенскі дыялектны слоўнік; Матэрыялы для слоўніка мінска-маладзечанскіх гаворак; Мяцельская Е. С., Камароўскі Я. М. Слоўнік беларускай народнай фразеалогіі; Пашкевіч М. І. Рубельскі лексіка-фразеалагічны слоўнік; “Слоўнік Сенненшчыны”; Сцяцко П. У. Слоўнік народнай мовы Зэльвеншчыны; Тураўскі слоўнік; Цыхун А. П. Скарбы народнай мовы (з лексічнай спадчыны насельнікаў Гродзенскага раёна; Шатэрнік М. Краёвы слоўнік Чэрвеншчыны; Юрчанка Г. Дыялектны слоўнік (З гаворак Мсціслаўшчыны); Юрчанка Г. Ф. І коціцца і валіцца (Устойлівыя словазлучэнні ў гаворцы Мсціслаўшчыны); Юрчанка Г. Ф. І сячэ і паліць (Устойлівыя словазлучэнні ў гаворцы Мсціслаўшчыны;) Янкова Т. С. Дыялектны слоўнік Лоеўшчыны; Янкоўскі Ф. Дыялектны слоўнік; Яўсееў Р. М. Маці казала так… (з гаворкі Бялыніцкага раёна) і многія іншыя.

Выдадзены былі таксама шматлікія  атласы: Босак А. А., Босак В. М. Атлас гаворак Пружанскага раёна і сумежжа (Верхняга Над’ясельдзя); Леванцэвіч Л. В. Атлас гаворак Бярозаўскага раёна; Чарнякевіч Ю. В. Атлас гаворак паўночна-ўсходняй Брэстчыны.

Так што нам сёння ёсць у каго вучыцца, каб працягваць справу дыялекталогіі  пад пачэсным дэвізам “Маці казала так…” А маці, як вядома, дрэннага ніколі не скажа і не параіць. За працу, рупліўцы роднага слова! Будзем зберагаць моўную спадчыну для нашчадкаў.

Канстанцін КАРНЯЛЮК, педагог.

 

 

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *