Арнаменты народныя жыцця

Арнаменты народныя жыцця

Акампаніятар Тэвельскага Дома культуры Алена Марчук з’явілася перада мною ў элегантным касцюме, з акуратнай ніткаю жэмчугу на шыі. Такі выгляд вельмі пасаваў да прыгажосці жанчыны. Спачатку і не падумаеш, што яна – захавальніца беларускай культуры і самабытнасці.

Народныя спевы яна чула яшчэ ад матулі, калі тая працавала ў полі. Жнуць жанчыны і спяваюць, а маленькая Алена здзіўляецца: “Як пры такой спякоце ды цяжкай працы яшчэ і спяваць можна?” А жнейкі як зацягнуць, аж сэрца замірае! Дзе ж тут не вывучыць словы ды не пачаць спяваць з імі разам?! Высокі, звонкі голас Алене Мікалаеўне перадаўся ад мамы, а здольнасць іграць на гармоніку і ўвогуле далася ад прыроды. Неяк у госці завітаў дзядзька з гэтым музычным інструментам, і Алена вырашыла паспрабаваць, ці зможа яна авалодаць гармонікам. І атрымалася! Яшчэ ў школе была маленькай “зорачкай” усіх мерапрыемстваў. А першая песня “Сіні лён” была выканана пад самастойна падабраную на гармоніку музыку.

Надышоў час выбіраць прафесію. Спачатку дзяўчына закончыла падрыхтоўчыя курсы, на якіх асвоіла баян, а пасля паспяхова паступіла ў Брэсцкае музычнае вучылішча. Адначасова працавала ў Стрыгаўскім Доме культуры. Ужо тады яна пачала збіраць матэрыялы народнай творчасці, песні, абрады.

У 22 гады Алена Мікалаеўна выйшла замуж за хлопца, з якім пазнаёмілася на вяселлі сястры. Сяргей тады толькі прыйшоў з арміі і быў вельмі прыгожым і статным кавалерам.

Алена Мікалаеўна ўпэўнена: калі ў клубе няма мастацкай самадзейнасці, то і працы ўвогуле няма. Таму яшчэ ў мясцовым клубе яна стварыла вакальную групу “Стрыгаўскія весялушкі”, якая вырасла ў ансамбль народнай песні “Ясніца” і дзейнічае зараз.

У Тэвельскім клубе арганізавала фальклорны ансамбль “Скарыначка”, у якім і цяпер спявае. Удзельнічае жанчына і ў ансамблі “Кобрынскі гармонік”.

— Як пачынала з гармоніка, – смяецца Алена Мікалаеўна, – так і вярнулася да гэтага. Гармонік – гэта душа народа.

Вельмі радуе сэрца, што дачка падхапіла матчыну справу: працуе разам з ёю і з задавальненнем спявае. Маленькая ўнучка таксама цягнецца да сцэны і вельмі засмучаецца, калі бабуля не ставіць яе нумар у праграму. Спяваць, як высвятлілася, у гэтай сям’і любяць усе.

У 2016 годзе імя Алены Марчук увайшло ў кнігу “Хто ёсць хто ў Рэспубліцы Беларусь”. Гэта было сапраўднай нечаканасцю і вялікім гонарам для гераіні.

Яе сапраўды можна назваць захавальнікам народнай мудрасці і слова, носьбітам унікальных сведкаў мінуўшчыны. Акрамя вуснага і пісьмовага матэрыялу, жанчына сабрала больш чым трыста экспанатаў народнай творчасці. Цяпер марыць, каб размясціць усё гэта ў музеі, над стварэннем якога ўжо пачала працаваць.

Яшчэ вельмі любіць мая гераіня шыць і перашываць адзенне. Шмат народных касцюмаў было адноўлена менавіта яе рукамі. Яна з асалодай займаецца дызайнам, вырошчвае кветкі, спявае на клірасе ў царкве. Яе жыццёвы дэвіз “Жить – не тужить, никого не обсуждать, никому не досаждать и всем моё почтение” дапамагае адчуваць паўнату радасці і хутчэй перажываць гора.

Ксенія ПАЛЬТО.

НА ЗДЫМКУ аўтара: Алена Марчук з дачкою і маленькай спявачкай унучкай Марыяй.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *