Хлебныя нівы ў руках маладых

Да апошняга захоўвалася інтрыга, малады экіпаж якога раёна стане першым “тысячнікам” у вобласці. Да гэтага звання сёлета поўным ходам ішоў экіпаж братоў Васілія і Мікалая Міранюкоў з ААТ “Пакроўскі”, але, на жаль, хлопцы саступілі ў апошні момант хлебаробам з ААТ “Астрамечава” і няшмат – усяго 60 тон. Але гэтая акалічнасць не паўплывала на іх агульны настрой – яны — першы маладзёжны экіпаж у раёне, які намалаціў тысячу тон збожжа.
Віншаванне камбайнераў, як і заўсёды, было наладжана непасрэдна ў полі.


Па бязмежнай каласістай ніве плылі камбайны. Нізка над зямлёй, не баючыся тэхнікі, шуму і людзей кружылі буслы. У такой прыгажосці вядуць на палях барацьбу за ўраджай браты Міранюкі. Разам на камбайне яны ўжо трэці сезон, але за такі нядоўгі час дабіліся добрых вынікаў – хлопцы і ў мінулым годзе былі першыя.
Старшыня Кобрынскага раённага прафсаюзнага камітэта аграпрамысловага комплексу Васілій Лазарчук павіншаваў Васілія і Мікалая Міранюкоў і выказаў упэўненасць, што перамога і на абласным узроўні ў нас таксама будзе, уручыў грашовыя сертыфікаты і падарункі. Да віншаванняў далучыліся начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Кобрынскага райвыканкама Сяргей Барташ і старшыня ААТ “Пакроўскі” Віктар Свянтэцкі.
Для хлопцаў было арганізавана і музычнае віншаванне. Паслухаць невялікае выступленне сабраліся іншыя камбайнеры і вадзіцелі. А героі дня праз некалькі хвілін зноў адправіліся на свой камбайн, каб прадоўжыць адказную працу.
Людміла ПАШКОВІЧ.
НА ЗДЫМКАХ: Сяргей Барташ віншуе Васілія і Мікалая Міранюкоў; Васілій Лазарчук віншуе Васілія і Мікалая Міранюкоў; Васілій і Мікалай Міранюкі.
Фота аўтара.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *