Ёсць першыя “тысячнікі”!

Жніво-2017

Выдатным працоўным акордам завяршыўся мінулы тыдзень для хлебаробаў Кобрыншчыны. Першымі “тысячнікамі” ў раёне адзначылася СВК “Узыходзячая зара” – у пятніцу вечарам заслужаныя віншаванні прымаў экіпаж камбайнераў Сяргея Рагачука і Сяргея Клімука.
— Сёння ў нас вельмі радасны дзень – на Кобрыншчыне экіпажам з гаспадаркі “Узыходзячая зара” намалочана першая тысяча тон хлеба, — адзначыў старшыня райвыканкама Аляксандр Зазуля. –З такім падыходам і з такімі людзьмі будзем з хлебам.
Своеасаблівы юбілей сёлета адзначыў галоўны аграном СВК “Узыходзячая зара” Васілій Мікіцюк – у яго жыцці бягучая ўборачная кампанія стала саракавой. Як адзначыў Васілій Васільевіч, на момант нашай размовы ў гаспадарцы было намалочана больш за 6 тысяч тон збожжа, сярэдняя ўраджайнасць склала 42,1 цэнтнера з гектара. Нягледзячы на тое, што год для раслінаводства быў не вельмі простым, ёсць нагода разлічваць на добры ўраджай. Усяго на пасяўных плошчах, якія сёлета складаюць 1758 гектараў, працуюць сем збожжаўборачных камбайнаў.
– Радуе, што праца хлебароба сёння карыстаецца павагай і пашанай, — расказвае камбайнер Сяргей Рагачук. – Значную ролю адыграў і той факт, што мы атрымалі новы камбайн, на якім пакуль ідзем без тэхнічных няспраўнасцяў і затрымак, выдатна спрацаваў і ўвесь калектыў. Усё гэта дапамагло нам дабіцца такога добрага выніку.
На наступны дзень, пакуль жнівеньскае сонца толькі пачынала набірацца спякотай, у СВК “Узыходзячая зара” спяшалася цэлая дэлегацыя, каб павіншаваць другі ў раёне экіпаж-“тысячнік”.
Камбайнер Андрэй Ігнацюк з памочнікам Уладзімірам Сідаруком на сваім камбайне “Джон Дзір”, нібы на вялізным зялёным караблі, шчыравалі на полі спелага аўса.


Механізатары ветлівай усмешкай сустрэлі гасцей – гэты экіпаж, які існуе каля дваццаці гадоў, амаль штогод становіцца першым або другім у раёне, таму і віншаванні прымаць ім не ў навінку.
Са словамі шчырай падзякі да камбайнераў звярнуўся старшыня Кобрынскага раённага прафкама аграпрамысловага комплексу Васілій Лазарчук, які падкрэсліў важнасць работы хлебаробаў і пажадаў добрай уборкі. Васілій Васільевіч уручыў грашовыя сертыфікаты і падарункі. Таксама падзякаваў працаўнікам хлебнай нівы намеснік старшыні райвыканкама – начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Кобрынскага райвыканкама Сяргей Барташ, старшыня гарадскога аб’яднання прафсаюзаў Міхаіл Трубчык і прадстаўнікі гаспадаркі.
Андрэй Ігнацюк і Уладзімір Сідарук кажуць, што сёлетняе надвор’е спрыяльнае для ўборкі – няма палёгласці, якая бывае з-за ветру ці дажджу, зерне сухое.
Мы не сталі затрымліваць камбайнераў, таму што тысяча – гэта не вяршыня, да якой яны імкнуцца, а толькі прыступка да вялікага агульнага каравая раёна.
Як адзначыў намеснік старшыні райвыканкама — начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Сяргей Барташ, нягледзячы на не вельмі спрыяльнае надвор’е, якім адзначыўся пачатак жніва, ва ўборачнай кампаніі Кобрыншчына ўжо перасягнула рубеж у 60%, і валавы збор з улікам кукурузы павінен перавысіць узровень мінулага года. А мы будзем працягваць уважліва сачыць за героямі жніва і інфармаваць нашых чытачоў аб новых дасягненнях хлебаробаў.
Дзмітрый БЯЛОЎ. Людміла ПАШКОВІЧ

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *