“Трэба ісці насустрач людзям”

Расказаць аб рэальных праблемах, атрымаць добрую параду і надзею і проста пагутарыць аб набалелым. Менавіта такую магчымасць дае асабісты прыём грамадзян – форма работы, якая карыстаецца нязменнай папулярнасцю. Аб тым, што сёння хвалюе кабрынчан і якія пытанні з’яўляюцца найбольш актуальнымі, мы даведаліся ў час чарговага асабістага прыёму, які правёў дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Васілій Дземідовіч.


Нягледзячы на моцны дождж, які распачаў гэтую раніцу, з самага пачатку прыёму каля дзвярэй дэпутата пачалі збірацца першыя наведвальнікі. У гэты дзень самымі актуальнымі сталі пытанні, звязаныя з памерамі збораў і падаткаў, са станам безбар’ернага асяроддзя і добраўпарадкавання, а таксама з забяспечанасцю студэнтаў месцамі ў інтэрнатах.
Так, адным з першых прагучала пытанне аб неабходнасці дыферэнцыравання транспартнага падатку. Як адзначыў адзін з наведвальнікаў, сёння гэты збор выплачваецца незалежна ад таго, колькі кіламетраў у год фактычна праезджана. Васілій Дземідовіч згадзіўся з заўвагай і падкрэсліў, што гэтае пытанне знаходзіцца на кантролі дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў. Жывы водгук выклікала і пытанне непрадастаўлення студэнтцы, маці якой з’яўляецца інвалідам і гадуе дачку адна, месца ў інтэрнаце. Як адзначыў дэпутат, такія выпадкі, безумоўна, павінны разглядацца больш уважліва, з улікам канкрэтнай жыццёвай сітуацыі. Фармальны падыход недапушчальны.
Адразу некалькі наведвальнікаў звярнуліся па пытаннях, звязаных са станам безбар’ернага асяроддзя. Так, сярод іншых было паднята пытанне стану дарогі па вуліцы Заходняй у вёсцы Вялікія Лепясы, праехаць па якой у інвалідным крэсле пасля дажджу проста немагчыма. З просьбай іншага характару прыйшла жыхарка аднаго са шматкватэрных дамоў па вуліцы Інтэрнацыянальнай, таксама маці дзіцяці з абмежаванымі магчымасцямі, якому для камфортнага і паўнацэннага развіцця патрэбна дапамога ў арганізацыі спуску і пад’ёму на трэці паверх.
— Заяўленыя сёння праблемы па сваим складзе вельмі розныя, як і кошты іх вырашэння, — адзначыў Васілій Дземідовіч. — Напрыклад, добраўпарадкаванне цэлай вуліцы – гэта сур’ёзная сума, якую аб’ектыўна немагчыма знайсці і выдзеліць з бюджэта ў адзін момант. У той жа час ёсць праблемы, якія не патрабуюць значных фінансавых выдаткаў. Мы павінны ісці насустрач людзям і знаходзіць магчымасці для таго, каб вырашаць іх праблемы максімальна аператыўна.
Пытанні, з якімі звярнуліся наведвальнікі прыёму да дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, разглядаліся з удзелам прадстаўнікоў адпаведных падраздзяленняў райвыканкама, усе заяўленыя праблемы былі ўзяты на заметку для разгляду магчымасці іх далейшага вырашэння. На ўсе пастаўленыя пытанні былі атрыманы поўныя і кампетэнтныя адказы.
Дзмітрый БЯЛОЎ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *