У віхурах ваеннага ліхалецця

d181d0b2d0b5d182d0bbd0b0d0bdd0b0-d0b3d180d0b8d186d183d0ba

    …Ішоў май 1944 года. Пасля кароткага бою каля вёскі Шараеўшчына, што каля Бабруйска, у вёску прыехалі немцы. Сабралі жыхароў з усяго наваколля і прывезлі на машынах у Шараеўшчыну. Праз некалькі хат паставілі шыбеніцу. Адной з прыгавораных была маці Святланы Грыцук. Сёння Святлана Васільеўна ўспамінае, як раптоўна ўсталявалася абсалютная цішыня. Людзі, не размаўляючы адзін з адным, з шэрымі тварамі моўчкі стаялі наўкол шыбеніцы. Над бязвіннымі навісла смерць. Так раптоўна скончылася дзяцінства для сямігадовай Светланы…
    Іх узялі за дзесяць дзён да гэтага – маці Святланы Васільеўны, дзядзьку Мітрафана, што жыў побач, і яшчэ дваіх. За дапамогу партызанам… Дзесяць дзён трымалі ў гестапа. Партызаны на самой справе часта прыходзілі ў вёску – у хаце быў патайны ход на гарышча. Потым цёткі Паша і Марыя, з якой засталіся жыць асірацеўшая Святлана з братам, распавядалі дзяўчынцы пра партызанскае жыццё, пра тое, як людзі, чым маглі, імкнуліся дапамагаць сваім абаронцам. Пра камандзіра Захарава, які ў сваім 37-м атрадзе трымаў жалезную дысцыпліну і нават расстраляў двух чалавек за спробу грабяжу. Пра тое, як арыштавалі фашысты дзядзьку Мітрафана ў час, калі ён збіраў аўтамат. Да сённяшняга дня Святлана Васільеўна памятае, як пасля трагедыі ў хату наведваліся паліцаі. “Я ж казаў – трэба было за мяне выходзіць!” – са смехам гаварыў тады паліцэйскі, што яшчэ да вайны заляцаўся да маці. Як яе з малым братам ставілі ля сценкі і стралялі над галовамі – проста так, дзеля смеху…
    А літаральна праз месяц, 18 чэрвеня, іх вёска была вызвалена. Пачыналася іншае, мірнае жыццё. Што чакала іх, малых і бездапаможных дзяцей ваенных гадоў? Святлана Грыцук успамінае, як цётка цвёрда сказала: у дзіцячы дом дзяцей не аддадзім. Як-небудзь пражывем…
    І яны жылі. Жылі, хоць часам у хаце не было нават лусты хлеба. Потым разам з братам пайшлі ў школу. Сталі на ўласныя ногі, Святлана пайшла працаваць, пераехала на Кобрыншчыну, дзе пачынала з настаўніцы ў Казішчах. Выйшла замуж, скончыла тэхнікум, потым – бухгалтарскія курсы. Працавала ў Дзяржстраху, потым – у турыстычным бюро. Выйшла на пенсію… Лёс шчодра ўзнагародзіў яе – тры дачкі, шасцёра ўнукаў. Усе адукаваныя, працуюць. Цікавая рэч – усе дочкі выбралі сабе ваенных. Супадзенне? Ці імкненне мець побач надзейнага абаронцу – такога, якім быў іх дзед, што ваяваў у мотастралковым палку пад Тулай…
    Зараз Святлана Грыцук збіраецца ў чарговы раз наведаць магілу маці. На яе помніку няма багатых упрыгажэнняў – акрамя дат нараджэння і смерці, там усяго толькі два словы – ахвяра фашызму… Колькі іх, не дачакаўшыхся вызвалення, аддалі свае жыцці за сваіх дзяцей і ўнукаў? Колькі абяздоленых лёсам дзяцей вайны, чыё дзяцінства было растаптана фашысцкімі ботамі, жыве побач з намі? За кожным з іх – не толькі асабістая драма, але і адлюстраванне лёсу цэлага пакалення. Лёсу, які не павінен паўтарыцца ніколі…

    Дзмітрый БЯЛОЎ.
    Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *