На Кобрыншчыне адзначылі дзень святых благаверных князёў Пятра і Фяўроніі.

Пад знакам вернасці і любові


Добрая сям’я, дагледжаныя дзеці, узаемаразуменне і любоў — цяжка знайсці рэчы, якія больш падыходзяць пад азначэнне сапраўднага шчасця. Добрае і чыстае свята сям’і, любові і вернасці прайшло для ўсіх кабрынчан у Свята-Аляксандра-Неўскім саборы у дзень святых благаверных князёў Пятра і Фяўроніі.
— Шлюбнае жыццё – гэта вялікая адказнасць, – адзначыў іерэй Мікалай Качурка. – Гэта і пэўныя цяжкасці, і пастаяннае самаўдасканаленне і, безумоўна, работа над сабою. Святыя ўгоднікі Пётр і Фяўронія для нас – перш за ўсё прыклад любові, мудрасці і вернасці. Князь Пётр, здавалася б, меў мноства вонкавых прычын, каб пакінуць Фяўронію, — Бог не даў ім дзяцей, яна была не княжага роду, але іх сям’я не толькі захавалася, а на многія стагоддзі стала сімвалам добрай пары, і менавіта да Пятра і Фяўроніі людзі звяртаюцца з малітвамі ў выпадку самых розных сямейных праблем.
Распачаўся гэты дзень з літургіі, пасля якой на тэрыторыі сабора разгарнуўся святочны канцэрт. Сваімі выступленнямі прысутных парадавалі хор кафедральнага сабора, выхаванцы Кобрынскай дзіцячай школы мастацтваў і Палаца культуры, а таксама прадстаўнікі маладзёжнага праваслаўнага брацтва. Свяціліся на тварах цёплыя, адкрытыя ўсмешкі, гучалі шчырыя пажаданні дабра і шчасця, пад летнім сонцам і чыстым блакітным небам падалі ў душы простыя і правільныя словы праваслаўнай пропаведзі …


– Сёння мы сабраліся на нашу малітву, каб святыя Пётр і Фяўронія схілілі да нас Божую міласць, каб у нашых сем’ях заўсёды быў мір, узаемаразуменне і, перш за ўсё любоў, – падкрэсліў благачынны цэркваў Кобрынскай акругі Багдан Хама. – Хацелася б шчыра падзякаваць усім, хто сёння прыйшоў на наша свята, аддаў нам часцінку свайго сэрца і яшчэ раз нагадаў пра святы абавязак любіць Бога і бліжняга.
А ў неба над саборам, выпушчаныя ўдзельнікамі канцэрта, раптам ўзляцелі белыя галубы. І здавалася, што разам з імі кудысьці далёка адляцелі ўсе клопаты і нягоды, пакінуўшы ў душы гармонію, спакой і ўпэўненасць, што ўсё абавязкова будзе добра.


Дзмітрый БЯЛОЎ.
НА ЗДЫМКУ аўтара: моманты свята.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *