Кобрыншчына распачала жніво

Жніво-2017


З першым збожжам!
Кобрыншчына прыступіла да ўборачнай кампаніі. Першай культурай, якую гаспадаркі пачалі ўбіраць, стаў азімы ячмень. Па стане на 10 ліпеня 2017 года ў раёне было ўбрана 281 гектар, намалочана 1083 тоны збожжа. Сярэдняя ўраджайнасць складае 38,5 цэнтнера з гектара.
Першымі ў раёне да ўборкі збожжавых прыступілі аграрыі ААТ “Астромічы”.
— Гэтай культуры ў нас 35 гектараў, — расказвае дырэктар ААТ “Астромічы” Уладзімір Сідарук. – Усяго ж да ўборкі сёлета пасеяна 1017 гектараў збожжавых, пераважную большасць складаюць азімая і яравая пшаніца — адпаведна 200 і 180 гектараў. Таксама пасеяна 64 гектары аўса, 56 гектараў піваварнага ячменю, 127 гектараў адведзены пад зернебабовыя.


Дарэчы, пасяўныя плошчы апошніх у гэтым годзе былі павялічаны. Як адзначае Уладзімір Уладзіміравіч, гэта дасць магчымасць павялічыць утрыманне бялку ў кармах для дойнага статка. Прысутнічаюць у пасевах таксама жыта і трыцікале, добрыя надзеі падае і рапс, якога ў гаспадарцы сёлета 160 гектараў. Калі дазволіць надвор’е, яго чарга наступіць ужо праз лічаныя дні.
Чарговую ўборачную кампанію ААТ “Астромічы” сустракае ў поўнай тэхнічнай гатоўнасці – нядаўна сюды прыбыў новы, пяты збожжаўборачны камбайн. Такім чынам, зараз на адзін камбайн тут прыходзіцца каля 204 гектараў збожжавай групы. Такі расклад сіл дазволіць не толькі завяршыць у добрыя тэрміны сваю ўласную ўборачную кампанію, але і аказаць дапамогу суседзям. Застаецца толькі павіншаваць астроміцкіх гаспадароў з першым збожжам і пажадаць новых выдатных дасягненняў на залатой ніве.


Дзмітрый БЯЛОЎ.
НА ЗДЫМКУ аўтара: (справа налева) Уладзімір Сідарук, камбайнеры Аляксандр Дзяшко і Мікалай Цямчык, галоўны аграном Ігар Карпін; у час уборкі азімага ячменю.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *