Свята годнасці, памяці і адзінства адзначылі на Кобрыншчыне

Доўгачаканае вызваленне ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, вечная памяць пра ўсіх загінуўшых на палях Вялікай Айчыннай вайны, уласны шлях, якім сёння, нягледзячы на цяжкасці, працягвае ісці родная краіна, чыстае мірнае неба, пад якім растуць нашы дзеці… Цяжка нават пералічыць усе асацыяцыі, якія ўзнікаюць у большасці з нас у Дзень Незалежнасці, у час якога мы ў поўнай меры адчуваем адзінства з усім народам Рэспублікі Беларусь.

У святочных мерапрыемствах прынялі ўдзел старшыня райвыканкама Аляксандр Зазуля, старшыня раённага Савета дэпутатаў Іван Даўжук, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Васілій Дземідовіч, кіраўнікі і прадстаўнікі прадпрыемстваў, арганізацый і службаў, грамадскія арганізацыі, ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, воіны-інтэрнацыяналісты, Кобрынска-Маларыцкая МРАС ДТСААФ, моладзь і многія іншыя кабрынчане і госці горада.
— 73 гады таму, калі Масква салютавала вызваленаму Мінску, гэты дзень прынес у душы нашага шматпакутнага народа пачуццё свабоды і незалежнасці, — адзначыў старшыня райвыканкама Аляксандр Зазуля. – Усім, што мы маем сёння – мірным небам, узроўнем жыцця, сацыяльнымі гарантыямі – мы абавязаныя салдатам-пераможцам, якія ў ваеннае ліхалецце аддавалі сваё жыццё за вызваленне нашай Радзімы. І сёння мы клапацімся перш за ўсё пра людзей, пра ўзровень іх жыцця і камфорту, і нашымі агульнымі намаганнямі Кобрыншчына будзе заставацца сацыяльна-эканамічным рэгіёнам для людзей. У нас адна зямля, адна краіна, і толькі яна заўсёды прыме нас, як сваіх дзяцей.
А ўжо праз некалькі хвілін на цэнтральнай плошчы горада разгарнулася яркая і відовішчная імпрэза, якая дала магчымасць усім прысутным у поўнай меры адчуць гордасць за прыналежнасць да Кобрыншчыны і ўсёй нашай краіны. Светлая атмасфера сапраўднага свята вельмі хутка авалодала ўсімі прысутнымі. На плошчу, якая ў гэты дзень стала імправізаванай сцэнай, выходзілі новыя і новыя зоркі і зорачкі, нібыта раз за разам сцвярджаючы той факт, што нашай зямлі ёсць і заўсёды будзе чым ганарыцца. Зусім побач, у скверы Марозава, дзе ў ганаровай варце стаялі кадэты, кабрынчане ўсклалі на халодныя пліты ў памяць герояў вянкі і кветкі, аддаючы даніну вечнай памяці тым, хто назаўсёды застаўся на палях той страшнай вайны.. А нам трэба жыць далей і памятаць сапраўдную цану свабоды і незалежнасці.
Выдатны працяг гэты дзень знайшоў у парку імя А. В. Суворава, куды пасля галоўных падзей на плошчы Леніна перамясцілася святочная імпрэза. Канцэртныя, танцавальныя і гульнявыя праграмы, работа палявой кухні, вясёлыя конкурсы і атракцыёны знайшлі сваіх прыхільнікаў і даставілі гасцям свята нямала прыемных хвілін. Дарэчы, святкаванне набыло міжнародны характар. У гэты дзень Кобрыншчыну наведаў “Бег Міру” – самая працяглая факельная эстафета ў свеце. Удзельнікі эстафеты, якая стартавала ў Ірландыі 26 красавіка, — прадстаўнікі 25 краін, якія прабеглі праз Вялікабрытанію, Галандыю, Германію, Францыю, Швейцарыю, Італію, Славенію, Аўстрыю, Чэхію, Славакію і Польшчу, агульная даўжыня эстафеты складзе 1900 кіламетраў. Як адзначыў каардынатар прабегу Юрый Храпуцкі, фініш адбудзецца ў Мінску, дзе 8 ліпеня з удзелам беларускіх і міжнародных алімпійскіх чэмпіёнаў, паслоў краін і спартсменаў з усіх краін свету пройдзе ўрачыстая цырымонія святкавання 30-годдзя міжнароднай факельнай эстафеты. У парку імя А. В. Суворава ўдзельнікі “Бегу Міру” сустрэліся з кабрынчанамі, якія з задавальненнем фатаграфаваліся са спартсменамі і цікавіліся ходам гэтай выдатнай ініцыятывы, многія далучаліся да эстафеты, каб разам прабегчы сімвалічны адрэзак шляху і выказаць сваю падтрымку міру і гармоніі ва ўсім свеце.
Завяршылася праграма гэтага насычанага дня традыцыйнай акцыяй “Праспяваем гімн разам”, у час якой усе жадаючыя змаглі далучыцца да агульнага голаса Кобрыншчыны і ўсёй нашай Беларусі.
Дзмітрый БЯЛОЎ.
ЗДЫМКІ АЎТАРА

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *