Кобрынская «Белая Русь» віншуе маладых мам

З удзячнасцю за новых грамадзян


Адразу пяцёра маленькіх кабрынчан у Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь нарадзіліся ў Кобрынскім радзільным доме. У рамках рэспубліканскай акцыі “Белая Русь” – дзецям” павіншаваць новых грамадзян нашай краіны і іх маладых матуль прыехалі старшыня раённага Савета дэпутатаў Іван Даўжук і старшыня раённай арганізацыі рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Белая Русь” Раман Мельнік.
— Хочацца выказаць самыя шчырыя віншаванні ўсім гэтым матулям і іх дзеткам, якія, безумоўна, зусім хутка будуць радаваць сваіх бацькоў і ўсё наша грамадства, — адзначыў старшыня раённага Савета дэпутатаў Іван Даўжук. – Няхай яны растуць здаровымі і шчаслівымі і ўносяць свой уклад у развіццё нашай агульнай Радзімы. А мы прыкладзем усе намаганні, каб зрабіць гэтае жыццё камфортным і радасным.
Усяго за першае паўгоддзе 2017 года ў сценах Кобрынскага раддома з’явілася на свет 743 немаўляці. Госці пазнаёміліся з умовамі, у якіх нараджаюцца дзеці, пагутарылі з медыкамі, якія назіраюць за іх здароўем, і ўручылі шчаслівым матулям каштоўныя падарункі. Як падкрэсліў старшыня РА РГА “Белая Русь” Раман Мельнік, нараджэнне дзіцяці ва ўсе часы справядліва лічылася найвялікшым цудам і найвялікшым шчасцем. Менавіта такое шчасце свяцілася і ў вачах матуль, якія прымалі віншаванні ў гэты дзень. Што ж датычыцца дзетак, якія сталі героямі ўрачыстасці, то можна быць упэўненымі: пройдзе час, і яны, народжаныя ў Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь, абавязкова ўнясуць свой уклад у развіццё нашай краіны.
Дзмітрый БЯЛОЎ.
НА ЗДЫМКУ аўтара: узнагароды матулям уручаюць Іван Даўжук (другі справа) і Раман Мельнік.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *