Школьная алімпіяда: Няхай пераможа мацнейшы


У школе можна вучыцца па-рознаму. Нехта з нецярпеннем чакае апошняга званка, каб атрымаць атэстат ды пайсці ў самастойнае жыццё, іншыя старанна «зубраць» кожнае правіла, каб атрымаць добрую адзнаку… А трэція не толькі выдатна спраўляюцца са школьнай праграмай, але і выходзяць на новы, больш высокі ўзровень, кожны дзень і кожную гадзіну падымаючыся на новую прыступку ў захапляючым свеце ведаў.

Менавіта такія вучні — пераможцы гарадскіх і раённых прадметных алімпіяд па грамадазнаўстве, працоўным навучанні і фізіцы — з’ехаліся на гэтым тыдні ў наш горад, каб у справядлівай барацьбе выявіць на самой справе лепшых — тых, хто будзе прадстаўляць сваю школу, свой горад, сваю вобласць на заключным, чацвёртым этапе рэспубліканскіх прадметных алімпіяд. «Алімпійскі тыдзень» для іх пачаўся ў панядзелак з урачыстага мерапрыемства, якое прайшло ў Кобрынскім Палацы культуры, а ўжо на наступны дзень вучні прыступілі да выканання сваіх першых конкурсных заданняў.

І вось мы ў Кобрынскім ліцэі сферы абслугоўвання — тут праходзіць алімпіяда па фізіцы. Нарэшце, разрываюцца канверты з заданнямі. Аўдыторыяй апаноўвае  напружаная рабочая  цішыня — чутна нават, як ціха слізгаюць па паперы ручкі…

— У гэтым годзе рэспубліканская алімпіяда ў нашай краіне праходзіць у новым фармаце, — расказвае галоўны спецыяліст  упраўлення агульнай і сярэдняй адукацыі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Уладзімір Паддубскі. — На трэцім і на завяршальным этапах упершыню прадастаўляецца магчымасць адным і тым жа вучням праявіць сябе адразу ў некалькіх прадметах — згодна з пажаданнямі і вучняў, і бацькоў. Шаснаццаць прадметаў падзелены на чатыры групы — у якіх, у сваю чаргу, аб’яднаны блізкія прадметы — такія, напрыклад, як фізіка, астраномія і матэматыка, хімія і біялогія, і гэтак далей. Абумоўлена гэта тым, што ёсць верагоднасць таго, што вучань, які мае выдатныя поспехі, напрыклад, па фізіцы, можа іх мець і па матэматыцы. Таму трэці этап алімпіяды праходзіць цэлых 4 тыдні. У такім самым фармаце будзе праходзіць і заключны этап.

Дарэчы, у гэтым годзе кабрынчан чакае прыемны сюрпрыз — справа ў тым, што менавіта тут — упершыню для нашага горада — будзе праводзіцца заключны, чацвёрты этап рэспубліканскай алімпіяды па працоўным навучанні. Як адзначыў Уладзімір Паддубскі, звязана гэта ў першую чаргу з выдатнымі традыцыямі правядзення тут абласнога этапа алімпіяд. Акрамя таго, у Кобрыне для правядзення такіх мерапрыемстваў існуе выдатная матэрыяльная база, адпавядае ўсім крытэрыям і сам горад. А гэта таксама вельмі важна, таму што алімпіяда — гэта не толькі непасрэдна спаборніцтвы, але і вялікая культурная праграма.

Як расказала нам начальнік упраўлення адукацыі райвыканкама Галіна Радковіч, яна вельмі насычаная. Сярод мерапрыемстваў — наведванне аквапарка, лядовай арэны, а таксама некаторых прадпрыемстваў —  СТАА «ПП Палессе» і ААТ «Гідрамаш», вучні пазнаёмяцца з музеем Кобрынскага мастацкага каледжа.

Наступнымі кропкамі нашай экскурсіі па «алімпійскім жыцці» сталі   Кобрынскі дзяржаўны мастацкі прафесійна-тэхнічны каледж, дзе праходзіла алімпіяда па грамадазнаўстве, і каледж будаўнікоў — у апошнім, дарэчы,  у чарговы раз абаснаваліся ўдзельнікі алімпіяды па працоўным навучанні. Па сутнасці, яна з’яўляецца адной з самых цяжкіх у арганізацыйным плане, таму што, акрамя непасрэдна ўдзельнікаў і іх ведаў, для яе правядзення яшчэ патрэбна багатая матэрыяльная база. Падчас нашага візіту вучні завіхаліся каля варштакоў — то тут, то там звінелі пілы, стукалі малаткі, слізгалі напільнікі. Пройдзе некалькі гадзін — і, нібыта па чараўніцтву, метал і дошкі ператворацца ў сапраўдныя экспанаты, напоўненыя цяплом душы іх аўтараў. Для Кобрынскага каледжа будаўнікоў трэці этап — гэта своеасаблівая рэпетыцыя для заключнага, падчас якога праз некалькі месяцаў яго сцены будуць прымаць ужо лепшых у рэспубліцы.

Усяго ж у гэтым годзе ў трэцім этапе рэспубліканскай алімпіяды прымаюць удзел 70 кабрынчан. Можна з упэўненасцю сказаць, што нават дайсці да такога ўзроўню — гэта ўжо выдатны вынік вялікай працы як саміх вучнях, так і іх педагогаў. Што ж датычыцца пытання, хто з гэтых рабят будзе прадстаўляць наш горад на заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды — то, як гаворыцца, няхай пераможа мацнейшы.

Дзмітрый БЯЛОЎ.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Синускан , смотрите на сайте novmed.net.