Арміі патрабуюцца прафесіяналы


У нашай краіне створана эфектыўная сістэма падрыхтоўкі афіцэрскага саставу, якая дазваляе камплектаваць узброеныя сілы краіны ваеннымі спецыялістамі з вышэйшай адукацыяй. Спектр ваенных вышэйшых навучальных устаноў і спецыяльнасцяў, якія прапануюцца навучэнцам у Беларусі, даволі шырокі, навучанне ажыццяўляецца толькі на бясплатнай аснове. Флагманам сярод такіх ВНУ, безумоўна, з’яўляецца Ваенная акадэмія Рэспублікі Беларусь.  Тут рыхтуюцца кадры для ўсіх відаў узброеных сіл краіны і іншых сілавых структур. Пасля заканчэння акадэміі курсанты атрымліваюць малодшае афіцэрскае званне – лейтэнант. З 2002 года навучанне ў галоўнай ваеннай ВНУ даступна таксама для жанчын. Абітурыентам прапануецца паступаць на агульнавайскавы факультэт, а таксама факультэты авіяцыі, супрацьпаветранай абароны, ваеннай разведкі, унутраных, пагранічных войскаў, сувязі і аўтаматызаваных сістэм кіравання. Усяго ў акадэміі  налічваецца 20 спецыяльнасцяў, 9 накірункаў і 30 спецыялізацый. Заняткі з курсантамі праводзяць сотні высокакваліфікаваных педагогаў. За гады існавання ўстановы тут сфарміраваны багатыя бібліятэчныя фонды навучальнай і спецыяльнай літаратуры,  завершана глабальная камп’ютарызацыя аўдыторый. Акцэнт робіцца на фізічную і агульнавайсковую падрыхтоўку.

Акрамя Ваеннай акадэміі, у Беларусі прадастаўляюць аналагічную адукацыю і іншыя ВНУ, на базе якіх створаны ваенныя факультэты, – Белдзяржуніверсітэт, Беларускі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт, Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі, Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт транспарта, Мінскі дзяржаўны вышэйшы авіяцыйны каледж, Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Я.Купалы. Паводле інфармацыі галоўнага спецыяліста аддзела прызыву на тэрміновую ваенную службу Кобрынскага раённага ваенкамата Яўгена Балецкага, з верасня мінулага года ў сталіцы распачаў сваю дзейнасць Інстытут пагранічнай службы, які ўжо таксама ажыццяўляе набор навучэнцаў.

Ваенны камісар Кобрынскага РВК палкоўнік Валерый Пракапюк сведчыць, што з кожным годам конкурсны адбор для паступлення ў ваенныя ВНУ становіцца больш жорсткім і патрабавальным. Перш за ўсё пільная ўвага надаецца стану здароўя абітурыентаў. Неабходна прайсці медыцынскую камісію, прафесійна-псіхалагічнае абследаванне, праверку фізічнага стану. Асобам прызыўнога ўзросту для паступлення ў ВНУ прадастаўляецца адтэрміноўка.

Як паведаміў Яўген Балецкі, даволі шмат мясцовых юнакоў імкнуцца стаць кадравымі ваеннымі. Так, летась у РВК было пададзена 38 заяў ад патэнцыяльных абітурыентаў, у тым ліку і тых, хто паступаў у навучальныя ўстановы Расійскай Федэрацыі. Сёлета такіх заяў налічваецца ўжо сем.

Усім жадаючым атрымаць ваенную адукацыю неабходна падаць заявы ў Кобрынскі РВК не пазней чым да 1 красавіка 2011 года. Тэлефон для даведак: 2-26-39 з 9.00 да 17.00 у рабочы дні. Таксама вычарпальная інфармацыя размешчана на сайце Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь: www.mod.mil.by (віртуальны ваенкамат).

Раман МЕЛЬНІК.

Фота аўтара.

НА ЗДЫМКУ: курсант факультэта супрацьпаветранай абароны Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь кабрынчанін Раман Міхайлаў.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *