На Кобринщине прошел День Герба и Флага Республики Беларусь

І кожны крок – як новы добры ўклад

Герб и флаг 1Духоўная чысціня, працавітасць, мужнасць, патрыятызм, надзея і адраджэнне… Цяжка знайсці хоць адну рысу нашага народа, якая б не была ўвасоблена ў дзяржаўнай сімволіцы – важнейшым атрыбуце незалежнасці і суверэнітэту нашай краіны. На Кобрыншчыне прайшоў Дзень Герба і Сцяга Рэспублікі Беларусь.

Дзяржаўныя сімвалы ўвасабляюць сабой гісторыю, будучыню і сучаснасць нашай краіны, адлюстроўваюць духоўныя і маральныя рысы беларусаў, аб’ядноўваюць нас у самыя значныя моманты нашай гісторыі, — падкрэсліў старшыня раённага Савета дэпутатаў Іван Даўжук. – Шанаваць і паважаць герб і сцяг нашай краіны – абавязак і справа гонару сапраўднага грамадзяніна, і кожны з нас павінен усведамляць сваю асабістую адказнасць за лёс нашай роднай Кобрыншчыны і Беларусі.

ГЕрб и флаг 2

У гэты дзень на цэнтральнай плошчы горада лунала мноства сцягаў. Вялікія, якія неслі ўдзельнікі ўрачыстага мітынгу, і зусім маленькія, што з гонарам сціскалі іх дзеці, якія толькі пачынаюць усведамляць сабе значэнне гэтых колераў. Гэта найлепшым чынам падкрэслівае адзінства нашага народа, якое праявілася ў маштабах невялікага, але такога прыгожага Кобрына. Аддаць даніну пашаны нацыянальным сімвалам краіны прыйшлі прадстаўнікі заканадаўчай і выканаўчай улады, прадпрыемстваў і арганізацый, прафсаюзаў, бізнесу, сацыяльных службаў і сілавых структур, актыўны ўдзел прынялі грамадскія аб’яднанні — Кобрынская раённая арганізацыя РГА “Белая Русь” і раённы камітэт ГА “БРСМ”, Кобрынска-Маларыцкая МРАС ДТСААФ і многія іншыя. Права падняць сцяг Рэспублікі Беларусь удастоіліся ганаровы грамадзянін Кобрынскага раёна, старшыня Кобрынскай раённай арганізацыі Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў Уладзімір Кузіч і вучаніца 11-га класа СШ №2 г. Кобрына, пераможца рэспубліканскіх алімпіяд па вучэбных прадметах, лаўрэат міжнароднага праекта па замежнай мове і міжнароднага фестывалю паэзіі Юлія Бура.

Неўзабаве надышоў час і для ўзнагарод – дыпломы і грашовыя прэміі лепшым кабрынчанам уручыў старшыня райвыканкама Аляксандр Зазуля. Адзін за другім выходзілі на плошчы супрацоўнікі сельскай і лясной гаспадаркі, прамысловых арганізацый, гандлю, транспарту, будаўніцтва, адукацыі, медыцыны, аховы правапарадку, прадстаўнікі бізнесу, грамадскага самакіравання, адным словам, тыя, хто шчырай сумленнай працай у сваіх сферах кожны дзень уносіць свой дзейсны ўклад у развіццё нашай Кобрыншчыны. Пераможцаў спаборніцтва за дасягненне  найлепшых паказчыкаў у працоўнай і грамадскай дзейнасці па выніках 2016 года, чые абліччы ўпрыгожваюць раённую Дошку гонару, сустракалі заслужаныя словы падзякі, кветкі – і, вядома, шчырыя апладысменты.

Дзмітрый БЯЛОЎ.
На здымку аўтара: цырымонія вынасу Дзяржаўнага Сцяга; Аляксандр Зазуля ўручае дыплом і грашовую прэмію дырэктару ПВУП “Дабрыня-Дар” Сяргею Амельянчуку. 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *