Автопробег посвященный 72-й годовщине Великой Победы недавно прошел на Кобринщине

Дарогамі Перамогі

1Цяжка знайсці на нашай Кобрыншчыне, як і ва ўсёй краіне,  хоць адну вёсачку, якую ў большай ці меншай ступені не закранула б Вялікая Айчынная вайна. Рэха тых страшных падзей і сёння жыве ў памяці жыхароў, у лічбах і імёнах на мемарыяльных дошках, у звестках, што захоўваюцца ў школьных музеях. Чарговы раённы аўтапрабег, прысвечаны 72-й гадавіне Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, арганізаваны Кобрынскім райвыканкамам сумесна з Кобрынска-Маларыцкай МРАС ДТСААФ, нядаўна прайшоў на Кобрыншчыне. У мерапрыемстве прынялі ўдзел прадстаўнікі заканадаўчай і выканаўчай улады, ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, ганаровыя грамадзяне Кобрыншчыны і жыхары раёна.

2

12 (2)

12 (1)

Першым прыпынкам на маршруце прабегу стаў помнік у вёсцы Вялікія Лепясы, дзе пахаваны савецкія воіны і партызаны, якія загінулі ў час вызвалення Кобрыншчыны ў 1944 годзе. У ганаровай варце каля помніка – вучні кадэцкіх і юрыдычных класаў дзіцячага-сада-сярэдняй школы № 4 г. Кобрына, на тварах удзельнікаў прабегу – урачыстая пашана. А мы едзем далей – наперадзе яшчэ шмат мясцін, адзначаных крывёю абаронцаў і мірных жыхароў.

5

9

10Адным з такіх месцаў стала вёска Бяроза, дзе побач з царквою знаходзіцца помнік землякам, загінуўшым з 1941 па 1945 год. Дзеля ўвекавечвання памяці 46 вяскоўцаў у 1965 годзе тут быў устаноўлены абеліск. Аўтапрабег сабраў каля помніка вялікую колькасць мясцовых жыхароў самага рознага ўзросту, урачысты малебен каля помніка правёў айцец Яўгеній, настаяцель Свята-Крэста-Узвіжанскага храма, які быў пабудаваны ў 1865-1867 гадах і ўнесены ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь.

3

4

Сапраўдная трагедыя ў гады вайны адбылася і ў вёсцы Каменка, дзе прыезд удзельнікаў аўтапрабегу даў пачатак вялікаму памятнаму мерапрыемству. 22 жніўня 1942 года нямецкія падраздзяленні пры ўдзеле паліцыі акружылі вёску, сабралі мірнае насельніцтва, палажылі тварамі ўніз і пачалі забіваць. Потым нямецкі генерал аддаў загад расстраляць усіх жыхароў, а Каменку спаліць. У той дзень загінула 216 чалавек, было спалена каля 40 дамоў і будынкаў. У той жа месяц былі спалены вёскі Баршчы і Рэчыца — жыхароў зганялі ў хлеў і расстрэльвалі, колькі людзей загінула, дакладна невядома і сёння. Пазней, у сакавіку 43-га, акупанты зноў зрабілі авіяналёт на знішчаныя вёскі і бліжэйшыя хутары, а ў 1944-м, пасля таго, як партызаны знішчылі атрад немцаў, якія хацелі разграбаваць населены пункт Ляскова, фашысты з дапамогай авіяцыі спалілі і гэтую вёску. Сёння ля помніка ў Каменцы  ляжаць жывыя кветкі, а ўздоўж вялікай пліты з імёнамі загінуўшых у ганаровай варце стаяць хлопчыкі і дзяўчынкі з бліжэйшай школы як сімвал вечнай памяці, якая будзе жыць ва ўсіх пакаленнях, народжаных на нашай шматпакутнай зямлі.

Завяршыўся аўтапрабег у аграгарадку Буховічы, дзе ў памяць 37 землякоў, загінуўшых у час вайны, у 1965 годзе быў адкрыты помнік работы Паўла Мішэвіча.

7

8— Разам з нашымі ветэранамі, разам з моладдзю мы кожны год праязджаем па гэтых гераічных мясцінах і аддаем даніну памяці тым, хто загінуў, каб на нашай зямлі працягвалася жыццё, — адзначыў старшыня раённага Савета дэпутатаў Іван Даўжук. – Безумоўна, хочацца ад усёй душы пажадаць здароўя ветэранам, якія і сёння ў страі, і шчыра падзякаваць ім за нашу агульную Перамогу. Хацелася б звярнуцца і да падрастаючага пакалення – наша моладзь павінна помніць аб тым, якой дарагой цаной дасталіся нам свабода і незалежнасць.

Ускладзены кветкі, разам з сэрцамі людзей адлічылі час мерныя ўдары метранома, аўтапрабег вяртаецца ў Кобрын, каб у наступным годзе зноў распачаць свой ход па аграгарадках, вёсках і вёсачках. Каб не знікалі ў мінулым страшныя падзеі Вялікай Айчыннай, каб жыла памяць і не сціраліся ўрокі нашай гісторыі.

Дзмітрый БЯЛОЎ.
Фота аўтара.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *