В Кобрине прошла отчетно-выборная конференция РК ОО «БРСМ»

Курс — да новых рэальных спраў!

БРСМ 1

Яны – таленавітыя, шматгранныя, і прагрэсіўныя. Кожны дзень на самых розных месцах і пасадах яны ўносяць свежы ўклад ва ўсе сферы жыцця нашай Кобрыншчыны. Яны – маладыя, і менавіта ім была прысвечана VI Кобрынская раённая справаздачна-выбарная канферэнцыя грамадскага аб’яднання «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі”. У канферэнцыі прынялі ўдзел намеснік старшыні райвыканкама Валянцін Трубчык, старшыня Брэсцкага абласнога камітэта ГА “БРСМ” Віктар Іваноў, старшыня раённага Савета ветэранаў Уладзімір Кузіч, кіраўнікі і прадстаўнікі структурных падраздзяленняў райвыканкама.

Са справаздачай аб дзейнасці Кобрынскага раённага камітэта ГА “БРСМ” выступіла першы сакратар райкама грамадскага аб’яднання Марына Палявода. Яна падкрэсліла, што маладзёжныя грамадскія аб’яднанні адыгрываюць значную ролю ў фарміраванні нашага грамадства, і ГА “БРСМ” з іх з’яўляецца самым вялікім.

— Дзейнасць раённай арганізацыі ГА “БРСМ” скіравана на стварэнне спрыяльных умоў для эфектыўнага ўдзелу маладых людзей у грамадска-палітычным і культурным жыцці нашай краіны, на развіццё пазітыўных ініцыятыў і падтрымку таленавітай моладзі, — адзначыла Марына Аляксандраўна. – Сёння ў радах нашай арганізацыі налічваецца 2 344 чалавекі і 94 “пярвічкі”, такім чынам “БРСМ” ахоплівае больш за 16% юнакоў і дзяўчат, якія пражываюць на Кобрыншчыне.

Цяжка нават проста пералічыць усе тыя добрыя справы, якімі займаюцца члены “БРСМ”. Прапаганда здаровага ладу жыцця, дапамога супрацоўнікам міліцыі ў ахове грамадскага парадку, арганізацыя флэш-мобаў супраць шкодных звычак, дапамога ветэранам, пажылым грамадзянам і людзям з абмежаванымі магчымасцямі, актыўны ўдзел у навядзенні парадку на зямлі, шматлікія маладзёжныя святы і фэсты – усе гэтыя і многія іншыя сферы знаходзяць сваё месца ў насычаным жыцці раённай арганізацыі. Аб усім гэтым прысутным расказалі сакратары пярвічных арганізацый ГА “БРСМ”, якія падмацоўвалі свае словы лічбамі і фотаздымкамі, у чарговы раз даказваючы, што ў “БРСМ” ідуць толькі ініцыятыўныя людзі, гатовыя ўзбагачаць сваё жыццё рэальнымі справамі. Самыя актыўныя былі ўзнагароджаны граматамі і памятнымі падарункамі.

— Гэта – наша змена, якая зусім хутка будзе кіраваць і нашым горадам, і нашай краінай, — падкрэсліў намеснік старшыні райвыканкама Валянцін Трубчык. — Маладосць заўсёды актыўная, сёння маладыя людзі ўмеюць заяўляць сваю пазіцыю і выказваць свой погляд, і гэта становіцца стымулам для нашага развіцця. Сярод нашых маладых людзей модна быць валанцёрам, і гэта гаворыць, што мы ідзем разам з часам. Цудоўна, што наша моладзь сёння абірае здаровы лад жыцця, і мы зробім усё магчымае, каб стварыць для гэтага яшчэ больш спрыяльныя ўмовы. Формы работы, якія сёння прапануюць “БРСМ” і нашы навучальныя ўстановы, аб’ядноўваюць нашу моладзь ідэямі дабра, пазітыўнага супрацоўніцтва і стварэння чагосьці новага дзеля дабрабыту нашай краіны.

Па выніках галасавання першым сакратаром Кобрынскага райкама ГА “БРСМ” была абраная Марына Палявода. Справаздачна-выбарная канферэнцыя адобрыла работу Кобрынскай раённай арганізацыі ГА “БРСМ” за 2015-2017 гады і прапанавала раённаму камітэту Кобрынскай РА ГА “БРСМ” працягваць рэалізацыю асноўных праграм і праектаў, акцэнтаваўшы асаблівую ўвагу у тым ліку на ідэйна-маральным і патрыятычным выхаванні моладзі, прапагандзе здаровага ладу жыцця, ўдасканаленні дзейнасці студэнцкіх атрадаў, ўдасканаленні інфармацыйнай работы з моладдзю, актыўны ўдзел моладзі ў грамадска значных падзеях і работу з кадравым рэзервам. А значыць, наперадзе ў моладзі Кобрыншчыны яшчэ шмат яркіх падзей, добрай работы і цікавых рэальных спраў.

Дзмітрый БЯЛОЎ.
НА ЗДЫМКУ аўтара:  традыцыйнае фота на памяць.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *