Пад эгідай бога гандлю

Сапраўдным шоу сталася для ўсіх гасцей адкрыццё новага ўніверсама “Гермес” Кобрынскага раённага спажывецкага таварыства, якое прайшло нядаўна на рагу вуліц  700-годдзя Кобрына і Інтэрнацыянальнай. Артысты кобрынскай самадзейнасці, разнастайныя конкурсы і віктарыны з удзелам будучых пакупнікоў зрабілі мерапрыемства цікавым і падаравалі ўсім гасцям выдатны зарад добрага настрою.


Пераразаючы традыцыйную чырвоную стужку, старшыня праўлення Брэсцкага аблспажыўсаюза Алег Несцярук  адзначыў, што сёння ў дзяржаве ставіцца амбіцыёзная, але дасягальная задача – давесці да канца пяцігодкі ўзровень жыцця да еўрапейскіх паказчыкаў. Уносіць свой уклад у гэтую справу і спажывецкая кааперацыя.  Таксама Алег Несцярук выказаў надзею, што новы магазін стане для сваіх пакупнікоў сапраўдным цэнтрам прыцягнення і ўзорам добрага сэрвісу.

— Сёння спажывецкая кааперацыя на Кобрыншчыне цвёрда трымаецца на сярэдніх пазіцыях, — адзначыў Алег Несцярук. – Адкрыццё новага магазіна – гэта нават не проста крок, а дзесяць крокаў наперад у развіцці. Нельга не адзначыць, што першыя ўражанні  толькі станоўчыя, а гледзячы на колькасць наведвальнікаў, ужо сёння можна быць упэўненым, што кабрынчанам магазін прыйшоўся да спадобы.

Калі ж нарэшце надышоў доўгачаканы час адкрыцця, у магазіне пачаўся сапраўдны ажыятаж. Як прызналіся самі арганізатары мерапрыемства, колькасць пакупнікоў, якія прыйшлі на адкрыццё,   перавысіла ўсе самыя смелыя  прагнозы. Вялікай папулярнасцю, дарэчы, карыстаўся хлебабулачны аддзел – справа ў тым, што булачныя  вырабы для яго выпякаюць непасрэдна ў гэтым жа магазіне. Ёсць тут кафэтэрый на 20 месцаў.  Не абышлося і без сюрпрызаў – так, усіх тых, хто ў дзень адкрыцця магазіна зрабіў пакупку на суму больш чым 100 тысяч рублёў, чакаў святочны прыз – бутэлька шампанскага.

Кажуць, што як лодку назавеш, так яна і паплыве. Будзем спадзявацца, што новы ўніверсам “Гермес” – названы, як вядома, у гонар старажытнагрэчаскага бога гандлю – вывядзе  спажывецкую кааперацыю на Кобрыншчыне на новы ўзровень і стане любімым месцам пакупак для жыхароў і гасцей нашага горада.

Дзмітрый БЯЛОЎ.

Фота аўтара.

Пад эгідай бога гандлю: 1 комментарий

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *