З “Белай Руссю” – да добрых спраў!”

З “Белай Руссю” – да добрых спраў!”

Демидович на конференции Белой Руси

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

ІІІ справаздачна-выбарчая канферэнцыя Кобрынскай раённай арганізацыі рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Белая Русь” прайшла на базе Кобрынскага політэхнічнага каледжа. У мерапрыемстве прынялі ўдзел намеснік старшыні райвыканкама Валянцін Трубчык, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Васілій Дземідовіч, кіраўнікі і супрацоўнікі структурных падраздзяленняў райвыканкама, арганізацый і прадпрыемстваў Кобрыншчыны.
— “Белая Русь” сёння – гэта цэлы спектр самых разнастайных задач і цэлы шэраг добрых спраў на карысць нашай краіны, — адзначыў у сваім дакладзе старшыня Кобрынскай РА РГА “Белая Русь” Раман Мельнік. Мы прымалі актыўны ўдзел ва ўсіх падзеях палітычнага жыцця раёна, на якія быў багаты мінулы год, члены “Белай Русі” нязменна ўваходзяць у склад выбарчых камісій. Першачарговае месца займае патрыятычнае выхаванне – прыемна адзначыць, што ў гэтым накірунку мы працуем у шчыльным тандэме з воінамі-інтэрнацыяналістамі, з Кобрынска-Маларыцкай МРАС ДТСААФ, з навучальнымі ўстановамі раёна. Адным словам, намагаемся дайсці да кожнага.
Зразумела, гэта – толькі малая частка вялікай работы, якая сёння вядзецца на Кобрыншчыне. “Белая “Русь” актыўна ўдзельнічае ў дабрачыннай дзейнасці – пры падтрымцы спонсараў і партнёраў грамадскае аб’яднанне аказвае падтрымку дзецям з малазабяспечаных і шматдзетных сем’яў, дзецям, якія маюць праблемы са здароўем, людзям з абмежаванымі магчымасцямі. Вядзецца падтрымка інтэлектуальнага развіцця кабрынчан, праводзіцца пастаянная работа з моладдзю.
Сёння Кобрынская РА РГА “Белая Русь” налічвае больш за 850 членаў, і ў апошні час адзначаецца відавочная тэндэнцыя да росту. Як адзначыў намеснік старшыні райвыканкама Валянцін Трубчык, гэтае аб’яднанне заваявала сабе рэпутацыю сур’ёзнай грамадскай арганізацыі, якая ўсе часцей адзначаецца рэальнымі добрымі справамі. Разам з тым патрэбна разумець важнасць пастаяннага павышэння колькасці членаў і актыўна працаваць у гэтым накірунку з кіраўніцтвам прадпрыемстваў і арганізацый Кобрыншчыны.
— Мы адкрыты для новых ініцыятыў і заўсёды чакаем у нашай арганізацыі нераўнадушных людзей з гарачымі сэрцамі і канструктыўнымі прапановамі, — адзначыў у завяршэнні канферэнцыі Раман Мельнік. — На Кобрыншчыне шмат тых, каму патрэбна дапамога. Разам мы зможам ажыццявіць яшчэ больш добрых спраў.
Дзмітрый БЯЛОЎ.
НА ЗДЫМКУ аўтара: (злева направа) начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва райвыканкама Таццяна Бойка, Раман Мельнік, Васілій Дземідовіч і дырэктар філіяла “Кобрынскі гартапзбыт” Віктар Казак.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *