Тесная связь «Кобрынскага весніка» и РУП «Белпочта»

Накіраваны на супрацоўніцтва

IMG_8122Пошта і друкаваныя СМІ крочаць разам, глядзяць у адзін бок і ставяць перад сабой сугучныя мэты. У чарговы раз гаварыць аб цеснай сувязі дзвюх, здавалася б, розных структур, дазволіў прэс-тур, арганізаваны 3 лютага на базе Кобрынскага раённага вузла паштовай сувязі Брэсцкім філіялам РУП “Белпошта” з прадстаўнікамі сродкаў масавай інфармацыі і раённых выканаўчых камітэтаў.
Як заўважыла начальнік Брэсцкага філіяла РУП “Белпошта” Валянціна Пух, якая разам са сваёй калегай з Кобрына – начальнікам Кобрынскага РВПС Наталляй Міхнёнак, узялі на сябе ролю вядучых, мерапрыемствы такога фармату ў паштовай галіне праводзяцца ўжо ў трэці раз і спрыяюць яшчэ большаму збліжэнню паштавікоў і журналістаў.
Укладваючы вялікі сэнс у такія сустрэчы, да іх і падыходзяць арганізатары з усёй адказнасцю. Праграма правядзення прэс-тура была насычанай і прадуманай да дробязяў. Паштавікі дазволілі журналістам зазірнуць за кулісы сваёй прафесіі, складанасць якой падкрэсліла нават надвор’е, якое сустрэла гасцей з Брэсцкай вобласці моцным снегападам.
А пачалося ўсё з экскурсіі па аддзяленні паштовай сувязі “Кобрын-6”. Усяго ж, як заўважыла Наталля Міхнёнак, у склад Кобрынскага раённага вузла паштовай сувязі ўваходзіць 38 аддзяленняў, з іх – 7 гарадскіх, 31 сельскае, 3 пункты паштовай сувязі і 1 перасоўнае аддзяленне паштовай сувязі. На абслугоўванні прадпрыемства знаходзіцца 162 населеныя пункты і горад Кобрын з усёй сваёй інфраструктурай. Што датычыцца юрыдычных асоб, то для іх у шостым аддзяленні спецыяльна створаны аб’ект “Бізнес-пошта”. Як ажыццяўляецца работа па абслугоўванні карпаратыўных кліентаў, удзельнікі змаглі ўбачыць на ўласныя вочы.
Упэўніліся журналісты і ў тым, што паштовыя паслугі на вёсцы аказваюцца кліентам не горшыя, чым у горадзе. Зрабіць такую выснову дазволіла ім наведванне аддзялення паштовай сувязі “Батчы”, дзе работу з кліентамі ажыццяўляюць чатыры чалавекі – начальнік аддзялення і тры паштальёны. На іх абслугоўванні знаходзяцца вёскі Батчы, Шыповічы, Паляцічы, Ліцвінкі, а гэта – 1170 чалавек, кожны са сваім характарам і густам. Дарэчы, у аддзяленні паштовай сувязі “Батчы” журналісты не толькі адчулі, што ў шэрагах паштавікоў няма выпадковых людзей, але ўпэўніліся ў тым, што РУП “Белпошта” выконвае ўсе сацыяльныя стандарты. Раней на абслугоўванні Батчынскага аддзялення паштовай сувязі знаходзіліся яшчэ вёскі Мельнікі, Агароднікі, Чаравачыцы, Мазічы, Кляшчы, цяпер жа, улічваючы значнае памяншэнне колькасці жыхароў, гэтыя населеныя пункты пераведзены на мотарызаваную дастаўку пошты. Як адзначыла Валянціна Пух, канкурэнтаў-перавозчыкаў, у тым ліку і па дастаўцы харчовых тавараў, што таксама ўваходзіць у кампетэнцыю пошты як няпрофільная паслуга, у іх хапае, толькі вось аддаленыя вёскі аніяк не ўпісваюцца ў планы бізнесменаў.
Пазнаёміцца з аўтатранспартам, які ў любое надвор’е выходзіць на маршрут, каб своечасова даставіць карэспандэнцыю па патрэбных адрасах, удзельнікі змаглі ў час прэзентацыі аўтапарка Кобрынскага РВПС. Непадробную цікавасць ў журналістаў выклікала перасоўнае аддзяленне паштовай сувязі, у якога адрознення ад звычайных практычна няма, хіба толькі што яно на калёсах.
Займальнай стала прэзентацыя ўчастка сартыроўкі пошты, дзе ўдзельнікі на ўласныя вочы ўбачылі, якую апрацоўку праходзяць пісьмы, у тым ліку і прыярытэтныя, адпраўленыя “1 класам”, – з акантоўкай чырвонага колеру і адпаведным надпісам.
Арганізатары прадставілі відэа-прэзентацыю карпаратыўнага роліка аб дзейнасці Брэсцкага філіяла РУП “Белпошта”, што быў створаны да 20-годдзя заснавання прадпрыемства, якое паштавікі адсвяткавалі ў мінулым годзе. Добрую порцыю інфармацыі атрымалі ўдзельнікі мерапрыемства аб паштовых паслугах, сярод якіх найбольш запатрабаваныя “Паскораная пошта EMS Belpost», паслугі лінейкі “Камфорт”, “1 клас”. Як адзначыла Валянціна Мікалаеўна, журналісты ў першую чаргу з’яўляюцца кліентамі пошты, а толькі потым інфарматарамі.
Было што паштавікам і абмеркаваць з прэсай. Падпісная кампанія на 1 паўгоддзе 2017 года завяршылася станоўча, аднак, як заўважыла Валянціна Пух, у яе працэсе ўзнікалі пэўныя складанасці, прычына якіх відавочна: у высокатэхналагічны час друкаваным сродкам масавай інфармацыі ўсё цяжэй процістаяць інтэрнэту. І гэта пры тым, што перавагай газет была і застаецца дакладная інфармацыя, якая падаецца чытачу з першых вуснаў на літаратурнай мове. Прыемна, што ў ліку рэдакцый, якія імкнуцца не толькі захаваць сваіх чытачоў, але і папоўніць іх шэрагі, была адзначана газета “Кобрынскі веснік”.
Завяршылася мерапрыемства на пазітыўнай ноце — узнагароджваннем пераможцаў конкурсу “Лепшы матэрыял аб пошце”, які праводзіўся Рэспубліканскім унітарным прадпрыемствам паштовай сувязі “Белпошта” з 1 ліпеня па 1 лістапада 2016 года сярод журналістаў друкаваных і электронных СМІ. Асабліва прыемна адзначыць, што ў ліку “шчасліўчыкаў” – адказны сакратар газеты “Кобрынскі веснік” Людміла Дубіна, якая атрымала дыплом у намінацыі “За папулярызацыю дзейнасці РУП “Белпошта”. Дарэчы, у скарбонцы яе дасягненняў гэта ўжо трэцяя “паштовая” перамога.
Людміла ЯРМАЛЮК.
НА ЗДЫМКУ: удзельнікі прэс-тура; Валянціна Пух узнагароджвае Людмілу Дубіну.
Фота Рамана Мельніка.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *