Вечер встречи выпускников разных лет в Верхолесской школе…

Душа жыве імгненнямі

IMG_8377Знарок загадзя пераступаю парог Верхалескай школы. Цішыня. Светлыя чыстыя калідоры карыстаюцца магчымасцю выхаднога дня, каб адпачыць ад дзіцячага гоману. Хіба што толькі са спартыўнай залы даносіцца прыгожая мелодыя. Гадзіна, другая — і галасісты званок разбудзіць непрывычную цішыню, пакліча сваіх былых вучняў на доўгачаканую шчымлівую сустрэчу. І я хоць не выпускніца гэтай установы, але таксама з хваляваннем няспешна ўвайду ў залу, бо там будуць і мае вучні…

IMG_8422Так, па традыцыі ў першыя выхадныя лютага ў Верхалескі ВПК яслі- сад-сярэдняя школа паспяшаліся на вечар сустрэчы выпускнікі розных гадоў, геаграфія пражывання якіх не абмяжоўваецца толькі кропкамі на карце Беларусі. Школа з яе настаўнікамі і вучнямі, узяўшы за аснову пытанне, што ж рухае гасцямі на такія сустэчы, застаўляе пераадольваць вялікія адлегласці, забыцца пра дамашнія і рабочыя праблемы, свае званні, тытулы, пасады, рыхтавалася да сустэчы з не меншым хваляваннем. І стварыць цёплую атмасферу, здольную, сапраўды, перанесці былых вучняў у цудоўную краіну пад назвай Дзяцінства, даць магчымасць наталіць душу прыемнымі імгненнямі сустэчы, душэўнымі бяседамі, успамінамі, ад якіх займае дух і наварочваюцца слёзы радасці і замілавання, гаспадарам, безумоўна, удалося.
— Чым больш лістоў у кнізе свайго жыцця ты перагортваеш наперад, тым мацней цябе цягне да вытокаў, да той кропкі, адкуль пачаў адлічваць новы этап, пакіўшы за спінаю самую светлую, чыстую старонку. Магчымасць убачыць і пагаварыць “ужывую” з былымі аднакласнікамі – што можа быць даражэй за такія хвіліны! – не скрывае сваіх станоўчых эмоцый вучань, што сядзіць за сталом з таблічкай 50!, Аляксандр Шчураў.
Выпускнікоў за гэтым сталом больш за усіх. Жывыя іх вочы гавораць самі за сябе. Яны то заіскрацца жвавымі агеньчыкамі ад прагледзеных фотоздымкаў свайго юнацтва, што прамільгнуць на экране, то на імгненне засумуюць ад таго, што не давядзецца з некоторымі аднакласнікамі ўжо сустрэцца ніколі… А душа ў іх маладая, заўважаю сабе я.
А гэтага выпускніка пазнаюць усе, хоць прыехаў ён не ў рамках дзелавога візіту. Выпуску Аляксандра Зазулі -35. І сёння – ён звычайны вучань, што выказаў жаданне чарговы раз сустрэцца з сябрамі, пасядзець з імі за адной партай, падзякаваць былым настаўнікам за іх шчырую працу, за мудрасць, за жыццёвыя ўрокі, якімі даводзіцца карыстацца кожны дзень.
На пытанне, як адчувае сябе першы залаты медаліст, што выйшаў са сцен Верхалескай школы, выпускнік з лічбай 25 Віталій Кацюбка пасміхаецца:
— Прыйшлося адразу ж адстойваць сваё пачэснае “званне”. Спадзяюся, што нікога яшчэ не расчараваў сваёй прафесіянальнай некампетэнтнасцю.
Пытанні, успаміны, песні, сцэнкі, старонкі са школьнага жыцця былых вучняў вачамі сучасных школьнікаў — цудоўныя імгненні, якіх так не хапае ў наш імклівы век. І хоць няма магчымасці спыніць гэтыя імгненні, затое можна насыціць імі незапоўненую пустату ў сваім сэрцы.
Дырэктар школы, яна ж і выпускніца гэтай установы Ніна Ляўчук, абводзячы ўважлівым поглядам залу, адчувае цёплую зваротную сувязь, што ідзе ад прысутных, супакойваецца — сённяшняя сустрэча адбылася, а заўтра новы дзень, чарговыя выпускнікі і незабыўныя сустрэчы.
Алена БАКУН.
НА ЗДЫМКУ аўтара: вечар сустрэчы.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *