Аляксей Яроха:“…У боксе, як і ў жыцці, трэба мысліць нестандартна”.

…Увечары ў Кобрынскім раённым цэнтры тэхнічнай творчасці навучэнцаў заняткі даўно закончыліся. Дзеці спяшаліся дадому, каб разам з бацькамі рыхтавацца да калядных святаў. Калідоры сталі пустымі і ціхімі. Толькі ў класе гуртка разьбы па дрэве гарэла святло. Са старэнькага радыёпрыёмніка гучалі песні ў стылі рэтра 70-х гадоў. Аляксей Яроха з лёгкай усмешкай, схіліўшыся над сталом, натхнёна ствараў чарговы выраб з дрэва – маску старажытнага волата. Такіх экспанатаў у яго шмат. Здавалася, мужчына не заўважаў ні часу, ні стомленасці за доўгі працоўны дзень, забыўся пра тое, што дома яго чакае жонка. І толькі пасля таго, як былі зроблены завяршальныя рухі разака і  пэндзля з лакам, Аляксей Аляксеевіч з задавальненнем агледзеў сваю працу.

— Ведаеце, я прытрымліваюся правіла: калі пачынаю справу, абавязкова даводжу да канца, — распавядае педагог.

Свой характар Аляксей Яроха загартоўваў з дзяцінства. Нарадзіўся ён у пасёлку Малінаўка Чугуеўскага раёна Харкаўскай вобласці.

— Я заўсёды быў літаральна закаханы ў прыроду, у кожную травінку той зямлі, дзе прайшлі годы майго дзяцінства, — гаворыць Аляксей Яроха. – Так хацелася захаваць многія прыгожыя пейзажы, цікавыя моманты з жыцця на паперы. Неяк паспрабаваў гэта зрабіць. З тых часоў назаўсёды пасябраваў з маляваннем. Цікава, што зусім недалёка ад Малінаўкі нарадзіўся славуты мастак Ілья Яфімавіч Рэпін. Ён заснаваў сваю школу, якая захавалася і да гэтага часу.  Гэтую ўстанову паспяхова закончыў і Аляксей Яроха. Аднак не толькі мастацтва вабіла маладога чалавека. У юнацкім асяроддзі высока цанілі фізічную сілу. Адпаведна шырокую папулярнасць набылі трэнажорныя залы  і секцыі адзінаборстваў. Аляксей таксама далучыўся да спорту і стаў наведваць секцыю бокса. І ўжо праз кароткі час перамагаў многіх старэйшых за яго рабят.

— Мне спадабаўся менавіта бокс таму, што ён вельмі падобны на шахматы, дзе патрэбна падключаць творчыя здольнасці, мысліць нестандартна, — лічыць Аляксей Аляксеевіч. — Гэты від спорту вымушае чалавека за імгненні прымаць адзінае правільнае рашэнне ці за секунды распрацоўваць некалькі магчымых камбінацый. Калі ты выходзіш на рынг, то павінен быць перш за ўсё максімальна зараджаным на бой. Трэба адкінуць усе свае  комплексы, фобіі, ураўнаважыць псіхіку. Праўду кажуць дасведчаныя майстры, што баксёр можа перамагчы свайго саперніка яшчэ да пачатку паядынку – перайграць яго псіхалагічна. Настрой спартсмена, яго гатоўнасць нескладана вызначыць — дастаткова зазірнуць яму ў вочы.

Пасля заканчэння сярэдняй школы і тэрміновай службы ў арміі Аляксей вырашае прадоўжыць кар’еру ваеннага і паступае ў Данецкае вышэйшае ваеннае палітычнае вучылішча інжынерных войск і войск сувязі. Як высветлілася, тут не першы год існавалі  моцныя баксёрскія традыцыі. Курсант Яроха гарманічна ўпісваецца ў шматлікі калектыў вопытных спартсменаў, выступае на прэстыжных армейскіх спаборніцтвах. Добра памятаецца  выпадак, калі ў працэсе ўдзелу на першынстве ВНУ Украіны ён сур’ёзна траўміраваў палец. Хутка трэба было выходзіць на рынг і змагацца ў паўфінальным баі з прызёрам чэмпіянату Казахстана, майстрам спорту Лебедзевым. Пасля жорсткага абмену ўдарамі Аляксей дачакаўся моманту, калі сапернік крыху аслабіў абарону і… ударыў хворай рукой. Ды так, што адразу ж адправіў апанента ў накаўт! Дарэчы, Аляксей Аляксеевіч у свае лепшыя гады лічыўся добрым баксёрам, удастоены звання кандыдата ў майстры спорту. Ён заўсёды дэманстраваў стабільна высокія вынікі і большасць сваіх баёў выйграваў датэрмінова.

Лёс звёў з многімі зоркамі бокса, з якімі ў Данецкім вышэйшым  ваенна-палітычным вучылішчы праводзіліся сумесныя трэніроўкі. Гэта трохразовы чэмпіён Еўропы, член зборнай каманды СССР Анатоль Клімачка, чэмпіён Еўропы Віктар Наўрас, майстар спорту міжнароднага класа Уладзімір Залатароў, які выкладаў сакрэты бокса цяперашнім чэмпіёнам свету  — братам Клічко.

Дваццаць чатыры гады ваеннай службы для маёра запасу Ярохі праляцелі імкліва. Забайкалле, Германія, доўгая камандзіроўка ў Манчжурыю, штурмавы полк ваенна-паветраных сіл у Кобрыне… Пасля звальнення ў запас у 1993 годзе кадравы афіцэр заставаўся верным сваім захапленням – спорту і мастацтву. На грамадскіх пачатках ён выкладаў бокс у Кобрынскай КСДЮШАР разам з калегам Віктарам Рэпіным. І пасля таго, як рабяты Аляксея Аляксеевіча пачалі паказваць першыя бліскуючыя вынікі – перамогі ў чэмпіянаце Беларусі, секцыя бокса атрымала сваю асобную залу для заняткаў.

Аляксей Яроха і цяпер застаецца трэнерам. За гады  дзейнасці ён падрыхтаваў цэлую плеяду пераможцаў і прызёраў чэмпіянатаў краіны па боксе, прызёраў чэмпіянату Еўропы —  Сяргея Банцэвіча, Паўла Цецерука і Артура Кікцева, двух майстроў і восем кандыдатаў у майстры спорту. На сучасным этапе аўтарытэт кобрынскіх баксёраў па-ранейшаму застаецца высокім. Выдатна выступаюць на рэспубліканскіх спаборніцтвах Сяргей Кульчынскі, Аляксей Буклага, Анатоль Гардун і інш. Хутка атрымаюць дыпломы аб вышэйшай адукацыі і будучыя маладыя трэнеры кабрынчане Віктар Саўчук, Арцём Макаранка, якія будуць прадаўжальнікамі слаўных спартыўных традыцый. Адзін з выхаванцаў Аляксея Ярохі і Віктара Рэпіна – Андрэй Івічук – стаў майстрам спорту і выкладаў бокс у КСДЮШАР.

— Прыемна тое, што мая трэнерская праца пакінула свой след на Кобрыншчыне, пазітыўна паўплывала на лёсы людзей, — гаворыць Аляксей Яроха. – Быў, напрыклад, у мяне выхаванец Аляксей Рахманаў. У юнацтве ён адрозніваўся складаным характарам – канфліктаваў з аднагодкамі. Але дзякуючы заняткам боксам, дысцыпліне на трэніроўках палепшыў свае паводзіны ў выпускных класах, паспяхова закончыў ДПТК будаўнікоў, а Ваенную акадэмію ўзброеных сіл Беларусі – наогул з “залатым медалём”! Цяпер ён служыць лётчыкам. З многімі рабятамі, якіх трэніраваў, сябрую і да гэтай пары – з Аляксандрам Жуком, Арцёмам Макаранкам, Сяргеем Банцэвічам, дырэктарамі прыватных фірм “Жылбудкамплект” і “АнВад-Буд” Ільёй Волахам, Андрэем Турчынком, Валерыем Валасюком і Уладзіславам Уласавым, прадпрымальнікам Юрыем Грыцуком, якія заўсёды дапамагаюць у арганізацыйных пытаннях пры правядзенні баксёрскіх турніраў.

Творчы багаж Аляксея Ярохі таксама вялікі. Пейзажы акварэллю і алеем, на якіх шмат выяў розных куткоў Кобрыншчыны упрыгожваюць не толькі прыватныя калекцыі, але і рэгулярна экспануюцца ў мясцовых выставачных залах. Так атрымалася, што  дзеці  творчага чалавека  пайшлі па яго слядах. Дачка Наталля разам з бацькам працуе  ў РЦТТН і выкладае азы пачатковага  мадэліравання. Сын Аляксандр  — маёр узброеных сіл Расійскай Федэрацыі. На радасць дзядулі ўжо падрастае ўнук Жэня, які займаецца боксам, шахматамі і плаваннем у КСДЮШАР.

Аляксей Аляксеевіч усё сваё жыццё вучыць моладзь толькі непахісным ісцінам – дабрыні, цярплівасці, мэтанакіраванасці, міласэрнасці. Ён упэўнены ў тым, што толькі гарманічна развітая асоба будзе здольная ў поўнай меры радавацца жыццю, прыносіць сабе і грамадству карысць, не пасаваць перад складанасцямі. А выдатным памочнікам у гэтым кожнаму чалавеку служаць мастацтва і спорт.

Раман МЕЛЬНІК.

Фота аўтара.

НА ЗДЫМКАХ: Аляксей Яроха працуе над чарговым пейзажам;  таленавітыя вучні Аляксея Аляксеявіча.

(спецпраект Прадстаўніцтва  НАК Беларусі  ў Брэсцкай вобласці: «Лёс спартыўны» ©)

Аляксей Яроха:“…У боксе, як і ў жыцці, трэба мысліць нестандартна”.: 1 комментарий

  • 05/02/2011 в 0:37
    Permalink

    Алексеич ты лучший.Здоровья тебе чтоб тренировал хороших пацанов.

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *