Славяна – новый проект нашего земляка Германа

Звонкім жаўранкам узляцець у аблокі

IMG_6565Яна, як той доўгачаканы ласкавы праменьчык, зазірнула шэрым зімовым ранкам у рэдакцыю газеты “Кобрынскі веснік”. Асвятліла сонечнай усмешкай кабінет і заставіла работнікаў рэдакцыі сваім звонкім, бы жаўруковы спеў, голасам адарваць на хвіліну заклапочаныя твары ад манітораў камп’ютара і прыветна ўсміхнуцца ёй у адказ.
З некаторага часу Алёна Тоўсцік не частая госця ў сваім родным горадзе. Але абяцанне сустрэцца з карэспандэнтам па прыездзе ў Кобрын дзяўчына стрымала і з задавальненнем расказала пра сябе і свае планы на будучае. Алёна — зараз ужо не зусім тая дзяўчынка, якая яшчэ год назад, седзячы за школьнай партай СШ № 2 г. Кобрына, бесклапотна рашала задачы, займалася спевамі для душы, наведвала розныя секцыі і гуртки, бавіла час з сябрамі. Яна ўжо – Славяна – новы праект яшчэ аднаго нашага земляка Германа (Дзмітрыя Карпінчыка), фіналістка праекта “Эвалюцыя. Дзеці”, што ўдала стартаваў на канале АНТ у мінулым годзе. Яе час распісаны па хвілінах: здымкі на тэлебачанні.
— А пачыналася ўсё са славутай табурэткі, — усміхаецца Алёна, згадваючы сваё маленства.- Так, мяне, як адзіную і самую малодшую дачушку ў сям’і сярод трох братоў-падлеткаў, бацькі песцілі, ганарыліся маімі здольнасцямі і свой гонар у маёй маленькай асобе паказвалі гасцям. Ведаю, што многія праз гэта ў дзяцінстве праходзілі. Але, калі некаторыя згадваюць такія выступленні на публіку, як страшэнны прымус, то я, сапраўды, сваю табурэтачку ўжо тады ўяўляла вялікай сцэнай…
Хтосьці з дарослых слухачоў, сапраўды, заўважыў у маленькай дзяўчынкі артыстычныя здольнасці і прыгожы голас і параіў бацькам развіваць іх далей. Тады і завіравала жыццё… Педагог па вакале Ларыса Ерамеева ў РЦДТ навучыла Алёну правільна браць свае першыя ноты. З 2-го класа дзяўчынка пачала займацца ў Кобрынскай дзіцячай школе мастацтваў па класе фартэпіяна ў Кацярыны Новік, затым у Наталлі Чараватавай і па вакале ў Ніны Салівончык, пазней у Вольгі Камінскай, паралельна наведвала студыю “Аіда” пад кіраўніцтвам Дзіяны Рабой пры Кобрынскім Палацы культуры, што потым стала дзейнічаць у школе мастацтваў пад назвай “Арт-ф’южэн”, па выхадных — паездкі ў Мінск на заняткі ў тэатральна-эстраднай школе “Талент груп”. Жаданне паўдзельнічаць у адборачным туры дзіцячага Еўрабачання-2015 узнікла ў час наведвання “Арт-ф’южэн”. Дуэт з Елізаветай Козак узнік неяк спантанна, бо напачатку была думка выступаць сольна. Дзяўчынкі самастойна ездзілі ў Брэсцкі музычны каледж, дзе бралі ўрокі вакалу ў лепшых педагогаў. У выніку хоць пераможцамі і не сталі, але выступілі дастойна.
— Любы вопыт – гэта вопыт, — не па-дзіцячы разважае, згадваючы ўдзел у адборачным туры Еўрабачання, Алёна. — Я не баюся прайграваць, бо гэта з якога боку яшчэ паглядзець, дзе ты спатыкнуўся, а дзе падняўся на прыступку вышэй, вышэй над сваімі слабасцямі, комплексамі, страхамі…
Энергіі Алёны хапала не толькі на музыку — выдатныя адзнакі ў школе, гульня ў камандзе КВЗ “Стаўка”, вядучая шматлікіх конкурсаў і мерапрыемстваў… У дзявятым класе неяк адбыўся сур’ёзны дыялог з мамай. Музыка – гэта, безумоўна, добра. Але прыйшоў час падумаць пра сур’ёзную прафесію “на ўсё жыццё”. Розумам Алёна працягвала рашаць задачы па хіміі, рыхтуючыся стаць урачом, а сэрца брала новыя ноты або напявала знаёмую мелодыю. І хто ведае, як бы ўсё склалася, калі б не выпадак, які сцёр у шматкроп’і , што не давала спакою дзяўчыне, дзве кропкі. Лёс звёў іх, двух землякоў, Алёну і Дзмітрыя Карпінчыка, на адной сцэнічнай пляцоўцы. Разглядзеўшы ў дзяўчыне вялікі патэнцыял, Дзмітрый узяў яе пад сваё крыло з мэтай дапамагчы звонкай птушцы расправіць свае кволыя, але такія ўпартыя крылы, і знайсці свой блакіт.
Алёна разумее, што, каб дабіцца пастаўленай мэты, трэба шмат працаваць, ад многага адмовіцца, і яна гатова да да новых выпрабаванняў, бо жаданне займаццца любімай справай дае для гэтага сілы і неабходную энергію:
— Музыка – гэта тое, чым я жыву, з ёю я прачынаюся з першымі промнямі сонца, з ёю паглыбляюся ў каляровыя сны… І зараз, калі канчаткова вызначылася з шляхам, па якім хачу пайсці, мне стала лёгка. Я адчула сябе шчаслівай.
— Ляці, Славяна-Алёна, ляці, — жадаю дзяўчыне на развітанне. — Хай узлёт твой будзе высокім і палёт доўгім, а паветра, у якім будзеш парыць, чыстым.
Алена БАКУН.
НА ЗДЫМКУ аўтара: Алёна Тоўсцік.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *