В Кобринском Дворце культуры интеллектуальная игра “Что? Где? Когда?” объединила 108 человек

“Калядныя зоркі. Рэмейк”

main

Кожнаму з нас вядома інтэлектуальная гульня “Што? Дзе? Калі?”. У Кобрынскім Палацы культуры гэтая гульня аб’яднала вакол сябе 108 чалавек з 18 розных каманд. Спаборніцтва прайшло 18 студзеня пад незвычайнай назвай – “Калядныя зоркі. Рэмейк”. Апошняе слова выбралі невыпадкова – турнір праходзіў упершыню пасля шматгадовага перапынку.
Гэтае спаборніцтва – адраджэнне папулярных у свае гады турніраў “Калядныя зоркі”, першы з якіх адбыўся ў 1998 годзе. Асаблівасцю конкурсу стала і тое, што ў ім узялі ўдзел не толькі дарослыя, але і школьнікі. Арганізатарам турніру выступіў аддзел адукацыі, спорту і турызму Кобрынскага райвыканкама.
Перад турнірам Аляксандр Алесік, магістр Кобрынскага інтэлектуальнага руху, абгрунтоўвае матывацыю ўдзелу ў мерапрыемствах падобнага фармату: “Камунікацыя і праверка свайго інтэлектуальнага ўзроўню”. Аляксандр Мікалаевіч – пастаянны ўдзельнік такіх гульняў, часта самастойна фарміруе каманды для розных інтэлектуальных спаборніцтваў і прымае ўдзел у гульнях на рэспубліканскім узроўні.
Сам турнір пачаўся з прыемных сюрпрызаў: Вячаслаў Кузьміч, прадстаўнік Кобрынскага інтэлектуальнага руху і адзін з арганізатараў спаборніцтва, назваў каманды, якія па выніках гульняў сталі лепшымі ў мінулым годзе, – а гэта каманда дарослых “Шпількі плюс” і дзіцячая каманда “Унікумы”.
Гульня праходзіла ў 2 этапы. У першым туры ўдзельнікам неабходна было выканаць конкурсныя заданні “АБВГДэйка”¬¬, што ўтрымлівалі 28 пытанняў, адказы на якія адпавядалі пэўнай літары алфавіта. Другі тур склаў 2 турніры па 12 і 13 пытанняў.
Інтрыга спаборніцтва трымалася да канца, ніхто не жадаў аддаваць перамогу іншым, і вынік гульні вызначылі два апошнія пытанні. Пераможцамі сталі каманды “Шпількі плюс”, “Сваякі”, “Радзімічы”, якія занялі 1-е, 2-е і 3-е месцы адпаведна. Партнёрамі дадзенага турніра сталі РК ГА “БРСМ , кампанія “Піца “Італьяна”, СТАА “ВП Палессе”, Кобрынская раённая арганізацыя РГА “Белая Русь”, аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Кобрынскага райвыканкама і інфармацыйны партал нашага горада kobrincity.by, якія і забяспечылі пераможцаў конкурса дыпломамі і падарункамі.
Вольга ШЫНКАРУК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *