Свет души

Святло душы

img_8974— Ніколі не згаджуся з тымі, хто сцвярджае, што з выхадам на заслужаны адпачынак жыццё спыняецца, становіца сумным і бяссэнсавым. Яно можа быць такім толькі ў тым выпадку, калі чалавек сам гэтага захоча, — з упэўненасцю заяўляе Святлана Грыцук, жанчына, якая ў студзені адсвяткуе свой 80-гадовы юбілей.
Сляды прыгажосці і малажавасці на твары і цёплага погляду ў вачах не змаглі сцерці нават цяжкія выпрабаванні лёсу. Пра дзяцінства такіх, як Святлана Васільеўна, кажуць: абпаленае вайной. Не, яе дзяцінства было не проста абпаленае, а спаленае зусім, як заўважае субяседніца.
— Вайну я сустрэла, ці, дакладней, сэрцам адчула, чатырохгадовай дзяўчынкай на пясчаным узгорку, уздоўж якога пралягала вялікая дарога, ці шаша, як яе называлі мясцовыя жыхары. Як я адна апынулася за вёскай на тым узгорку, як забрала адтуль мяне, знясіленую страхам і змораную сном, маці, не помню. Перад вачамі засталіся толькі калоны, калоны, калоны машын, змораныя твары людзей у вайсковай вопратцы, напружаная цішыня ў цёплым чэрвеньскім паветры.
Разуменне таго, што адбывалася тады на Магілёўшчыне (а менавіта там нарадзілася і вырасла Святлана Васільеўна), прыйдзе ўжо пасля вайны, калі ўзнікне вялікае жаданне даведацца пра 338-мы стралковы полк С. В. Куцепава, у якім служыў бацька, перачытаць “Жывых і мёртвых” Канстанціна Сіманава, які на той час быў карэспандэнтам у гэтым жа палку. У чэрвені 1941- га па той шашы і адступаў 338-мы полк. Потым ён аказаў яшчэ моцнае супраціўленні немцам на Буйніцкім полі. Магчыма, тады і загінуў бацька, на якога прыйшла даведка : “Прапаў без вестак”. А наперадзе былі яшчэ цяжкія чатыры гады ваеннага ліхалецця…
Вайна закончылася для малой дзяўчынкі яшчэ больш страшна і трагічна, чым пачалася.
— Маці павесілі за сувязь з партызанамі на нашых з братам вачах у канцы мая 1944 года, а ў чэрвені вёску вызвалілі, — выціраючы слёзы, не скрывае свайго хвалявання жанчына. – Тады мы не плакалі, самі былі быццам мёртвыя, закамянелыя…
Прыехаўшы летам пасля заканчэння школы ў госці да дзядзькі ў Кобрын, Святлана Васільеўна засталася тут назаўсёды. Закружыла, завіравала яе жыццё. Сваю працоўную дзейнасць маладая дзяўчына пачынала піянерважатай у школе ў Казішчах, затым настаўнічала ў Мухаўлоках, Астромічах, працавала кантралёрам у Дзяржстаху. Знайшла тут і сваё сямейнае шчасце, выгадаваўшы з мужам на уласным прыкладзе трох дочак. Дзе б ні працавала гэтая жанчына, за што б ні бралася, рабіла ўсё па шчырасці, з душой, сумленна. Не раз прыходзілася стукаць, здаецца, у моцна зачыненыя дзверы, і яна не баялася, ішла і стукала, прасіла, не так за сябе, як за іншых, тых, хто сам не мог знайсці праўды.
— Добрых і спагадлівых людзей усё роўна больш, чым бяздушных і абыякавых да чужога болю, — заўважае жанчына.
У тым, што пасля выхаду на пенсію, жыццё Святланы Васільеўны набыло новы віток, нічога дзіўнага няма. Жанчыне з актыўнай жыццёвай пазіцыяй, прывыкшай адчуваць сябе шчаслівай толькі тады, калі ёсць чым падзяліцца з іншымі, мала было свайго агародчыка і гаспадаркі. А пасля смерці мужа і ўвогуле не магла сядзець адна ў чатырох сценах. Апынуўшыся ў валанцёрскім руху “Добрыя сэрцы”, што дзейнічае ў аддзяленні дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту пры Кобрынскім ТЦСАН, Святлана Васільеўна адчула сябе на сваім месцы. Кола тых добрых спраў, арганізатарам і рэалізатарам якіх з’яўляецца чалавек, якому, здаецца, ужо і самому патрэбна дапамога, пераацаніць немагчыма. Яе чулае сэрца і жаночая цеплыня патрэбны і дзецям з дома № 14 дзіцячай вёскі, над якімі яна ўзяла шэфства, яе чакаюць у сваім доме і адзінокія пажылыя, якім па стане здароўя цяжка нават выйсці па лекі ў аптэку і якім не менш хочацца простай спагады, душэўнай размовы за кубачкам чаю.
Святлана Васільеўна з кагорты тых людзей, якія ніколі не пройдуць міма брацкай магілы, не паклаўшы туды кветак, не звярнуўшы ўвагі на стан, у якім знаходзіцца магіла.
— Гэта трэба не мёртвым, не тым, хто там пахаваны, не майму бацьку, не маёй маці, а мне, маім дзецям, унукам, дзеткам з дзіцячай вёскі, усім, хто жыве зараз на нашай зямлі, — паўтарае раз за разам мая субяседніца.
Ціха, каб не сурочыць, дзеліцца Святлана Васільеўна і сваімі планамі на будучае. Галоўнае, каб хапіла сіл і здароўя. Павінна хапіць, бо планы ў яе чыстыя і светлыя, як і душа.
Алена БАКУН.
НА ЗДЫМКУ аўтара: Святлана Грыцук.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *