Праменьчык надзеі


Новы год і Каляды — час, калі хочацца зрабіць нешта добрае, светлае, прыемнае. Здаецца, што напярэдадні гэтых святаў мы ўсе становімся крышачку дабрэй — а ў сэрцах, нібыта па чараўніцтву, запальваецца праменьчык надзеі… Вось ужо другі год добрай традыцыяй  стала правядзенне кампаніі «Праменьчык у акенцы», якую арганізоўвае інспекцыя па справах непаўналетніх Кобрынскага РАУС. Галоўная мэта кампаніі — прыцягнуць увагу грамадскасці да праблем мацярынства і дзяцінства, нагадаць пра хрысціянскія каштоўнасці і проста даць параду, як змяніць сваё жыццё ў лепшы бок.

Менавіта такое мерапрыемства пры падтрымцы Кобрынскага раённага аб’яднання прафсаюзаў, грамадскай арганізацыі «Міласэрнасць», а таксама  спонсараў, у якасці якіх выступілі ААТ «Кобрынскі МСЗ», ААТ «Кобрынскі мясакамбінат», СТАА “ВП Палессе», Кобрынскі хлебазавод і іншыя прадпрыемствы, адбылося нядаўна ў  будынку нядзельнай школы Свята-Аляксандра-Неўскага сабора. А пачалося яно на цёплай хвалі гутаркі аб вечных каштоўнасцях, якую правёў з прысутнымі — прадстаўнікамі малазабяспечаных і няўдалых сем’яў — свяшчэннік.

Як адзначыў айцец Мікалай, спрыяльнаць сям’і зусім не залежыць ад матэрыяльнага дастатку. Сапраўды, кожны можа прывесці прыклады, калі нават у самых забяспечаных сем’ях людзі трапляюць пад уплыў шкодных звычак, дрэнных мадэлей паводзін, асацыяльнага ладу жыцця. І перад тым, як шукаць апраўданні для сваіх учынкаў, перш за ўсё трэба задумацца — а што мы самі зрабілі для таго, каб наша жыццё стала іншым? Як часта мы ўспамінаем пра запаветы, пра тое, што гаворыцца ў Бібліі, пра маральныя і этычныя нормы? Як мы паводзім сябе ў дачыненні да нашых блізкіх — і чаго, у сваю чаргу, чакаем ад іх? Гледзячы на засяроджаныя твары гасцей і на пытанні, якія ўсе жадаючыя маглі задаць у ходзе гутаркі, хацелася спадзявацца, што словы свяшчэнніка не праходзілі міма душы.

Ну і які ж святочны вечар без падарункаў? У гэты дзень іх атрымалі ўсе сем’і, якія прысутнічалі на мерапрыемстве. Аднак галоўная каштоўнасць акцыі, безумоўна, заключаецца  не ў гэтым. Вельмі хочацца верыць, што прадстаўнікі так званых няўдалых сем’яў пасля слоў, якія прагучалі ў час сустрэчы, усё ж такі задумаюцца. І ў адзін цудоўны дзень памяняюць свае погляды на жыццё — павернуцца тварам да сваёй сям’і, да сваіх дзяцей, да нармальнага паўнацэннага жыцця, адгукнуўшыся на праменьчык надзеі.

Дзмітрый БЯЛОЎ.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *