Анна Чопик без работы не представляет жизнь

Лёс і людзі
Без працы не ўяўляецца жыццё

img_4881У свае 83 гады Ганна Чопік застаецца вельмі жвавай і аптымістычнай. Размаўляць з ёй лёгка і цікава.
– Я была з вялікай і беднай сям’і: васьмярых дзяцей маці гадавала адна, – расказвае Ганна Васільеўна.
Дзяцінства было складаным. У сем гадоў Ганна пайшла пасвіць кароў. У школу хадзіла толькі два месяцы. Але гэтай кароткай навукі хапіла, каб вывучыць літары і зараз чытаць у царкве Евангелле.
Затое ў руках кіпела работа. Пасля замужжа мая субяседніца працавала ў лясніцтве. Там выдзялялі лес, і з часам хата змянілася да лепшага. Пра мужа бабуля кажа, што ён быў добрым чалавекам і лепшым печніком у акрузе. Але ўжо 25 гадоў, як яго не стала.
Потым Ганна Чопік пайшла ў калгас, дзе і прарабіла 33 гады:
– Я была ахвочая да работы. Днём палю буракі, а ноччу іду на ток. Любіла працаваць, хацелася ўсё зрабіць як след.
У свой час Ганна Васільеўна была нават членам праўлення калгаса і народным засядацелем.
За плённую і добрасумленную працу жанчына была ўдастоена розных узнагарод.
Акрамя працы ў калгасе, трэба было апрацоўваць і асабістае поле – больш чым паўгектра. Да таго ж і дзве каровы трымала. Па маладосці яшчэ і прала, вышывала, вязала.
Зараз ад вялікай гаспадаркі ў бабы Ганны засталіся толькі пяць курачак і невялікі агарод. Але ўсё роўна бабуля кажа, што і зараз без работы не можа – штосьці паробіць, і ногі не так баляць, ды і не прывыкла яна без працы.
Сям’я ў яе вялікая – чацвёра дзяцей, дзесяць унукаў і пятнаццаць праўнукаў. А гэта – сапраўднае багацце.
Людміла ПАШКОВІЧ.
НА ЗДЫМКУ: Ганна Чопік каля сваёй хаты.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Полезное и интересное для женщин http://ladys-things.ru