Во Дворце культуры прошла творческая встреча с кобринскими поэтами

Год культуры
Чароўныя гукі роднага слова

img_1572Бываюць моманты, калі нешта трымціць унутры. Ты адчуваешь, як усхвалявана б’ецца сэрца і па целе разыходзяцца лёгкія дрыжыкі. Падобнае пачуццё прабудзілася ў мяне, калі па зале ў Палацы культуры “прабеглі” ноткі чагосьці роднага – беларускай мовы. Здарылася гэта ў час творчай сустрэчы з кобрынскімі паэтамі, прысвечанай Дню беларускага пісьменства, пад цёплай назвай “Гэтыя цудоўныя імгненні паэзіі”.

img_1552Успомніць гісторыю ўзнікнення пісьменства і кнігадрукавання ў Беларусі, а таксама пазнаёміць моладзь з гэтым святам дапамагла галоўны бібліёграф цэнтральнай раённай бібліятэкі Святлана Курачук. Яна ж прэзентавала выдадзеную да Дня беларускага пісьменства кнігу “Свята слова, свята кнігі”.
На імпрэзе школьнікам Кобрыншчыны пашчасціла пранікнуцца родным словам і нанава “пражыць” паэзію разам з літаратарамі нашай малой радзімы: Наталляй Кандрашук, Людмілай Ярмалюк, Наталляй Сацутай і Галінай Балахоўскай. Лейтматывам мерапрыемства сталі ўспаміны пра святкаванне Дня беларускага пісьменства ў Ганцавічах у 2011 годзе. І нездарма, бо ўсе госці-паэты, акрамя Галіны Балахоўскай, выступалі там на літаратурнай пляцоўцы.

img_1553Менавіта таму Людміла Ярмалюк прачытала на сустрэчы з вучнямі той жа верш, які гучаў з яе вуснаў у Ганцавічах. Гэты і іншыя яе творы, у тым ліку празаічныя, закранулі дзяцей і прымусілі пераасэнсаваць некаторыя жыццёвыя моманты. Жыццярадаснай і яскравай Наталлі Сацуце атрымалася павесяліць аўдыторыю. Яна вельмі жвава ўлілася ў ролю сваіх герояў з сучасных баек, якія нараджаюцца ў ціхія імгненні натхнення. Галіна Балахоўская, акрамя сваіх вершаў, прапанавала прысутным па-іншаму зірнуць на рускія і беларускія словы, якія адпавядаюць адным і тым жа аб’ектам ці з’явам. Гэтых трох паэтэс аб’ядноўвае членства ў народным аматарскім аб’яднанні “Белы бусел”, без якога не адбылося б гэтае мерапрыемства.

img_1599
Адкрыццём для дзяцей і іх настаўнікаў стала выступленне члена Міжнароднага саюза пісьменнікаў “Новы сучаснік” Наталлі Кандрашук і яе аповед пра сустрэчу з двума нобелеўскімі лаўрэатамі па літаратуры – шведскім паэтам Тумасам Транстромерам і беларускай пісьменніцай Святланай Алексіевіч. А музычны падарунак ад Крысціны Харошка ўдала аздобіў літаратурную імпрэзу.
Пасля творчай сустрэчы ў сэрцах кожнага застаўся ўтульны і цёплы праменьчык нечага роднага і неад’емнага для ўсіх беларусаў.
Марыя ЯЎСЕЕНКА.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *