Слова маладых

Пад такой назвай у мінулую пятніцу ў горадзе над Бугам падводзіліся вынікі чарговага традыцыйнага творчага конкурсу сярод маладых прафесійных журналістаў, юнкораў, клубаў пры РК і ГК ГА “БРСМ” і тэматычных гурткоў. Мерапрыемства арганізавалі самы масавы маладзёжны саюз Брэстчыны, а таксама аддзел па справах моладзі аблвыканкама і рэдакцыйная калегія Брэсцкай абласной газеты “Народная трыбуна”.

Першы сакратар абкама БРСМ Віктар Фісюк адзначыў, што  сёлетняе спаборніцтва праходзіла ў вострай канкурэнтнай барацьбе. Нагадаем, што ўсяго было пададзена больш за 60 заявак ад удзельнікаў. Віктар Валер’евіч падкрэсліў, што за апошнія некалькі гадоў  атрымаў дынамічнае развіццё рух юных карэспандэнтаў. Навучэнцы ўсё больш цікавяцца асаблівасцямі журналісцкай прафесіі, авалодваюць шырокім спектрам творчых жанраў, узаемадзейнічаюць з вопытнымі калегамі з рэгіянальных выданняў, тэлебачання, радыё, актыўна наведваюць тэматычныя гурткі пры школах і райкамах БРСМ. Не першы год для творчых юнакоў і дзяўчат працуе і Кобрынскі клуб юнкораў “Мерыдыян” пры РК ГА “БРСМ”, многія выхаванцы якога сталі студэнтамі Інстытута журналістыкі БДУ. Дзверы гэтага аматарскага аб’яднання засёды адчынены для тых, хто жадае развіць свае здольнасці, рэгулярна публікавацца на старонках раённага друкаванага выдання “Кобрынскі веснік”.

Канкурсанты прадставілі на суд журы работы ў выглядзе творчай справаздачы за 2010 год. Змест матэрыялаў павінен быў адлюстроўваць сучаснае жыццё моладзі, духоўнасць, любоў да краіны, рамантыку юнацтва, а таксама дзейнасць ГА “БРСМ”. Прыемна, што ў намінацыі “Лепшы малады журналіст Брэстчыны” першага месца ўдастоены карэспандэнт газеты “Кобрынскі веснік” Раман Мельнік.

Пераможцы конкурсу ўзнагароджваліся дыпломамі адпаведных ступеняў, а таксама памятнымі падарункамі ад Брэсцкага АК ГА “БРСМ”. Пасля маладыя журналісты і юнкоры з экскурсіяй наведалі мемарыяльны комплекс “Брэсцкая крэпасць-герой”, абласную друкарню, адбыліся сустрэчы з калектывамі рэдакцый абласных газет “Заря” і “Народная трыбуна”.

Ул. інф.

НА ЗДЫМКУ: пераможцы і прызёры абласнога конкурсу “Слова маладых” разам з Віктарам Фісюком (у цэнтры).

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *