Палесскія прысмакі – лепшыя!

ssa47853

    Руплівыя жанчыны спраўна гатавалі ежу на кухні. Чароўны водар разносіўся па ўсёй хаце. Моцная духмяная крамбамбуля, чырвонае вінаграднае віно “Прыгавор фермера” і іншыя цудоўныя напоі, вырабленыя па старажытных тэхналогіях гарманічна ўпрыгожвалі накрыты стол. Прынамсі, такая грунтоўная падрыхтоўка не з’яўлялася прыватным юбілеем ці святам. У мінулую суботу на базе аграэкасядзібы сям’і Палікарпук на “Зарэчнай вуліцы” праводзіўся другі межабласны кулінарны конкурс “Палесскія прысмакі”. На гэта незвычайнае мерапрыемства былі запрошаныя гаспадары аграэкасядзіб з Жлобінскага раёну Гомельскай вобласці (“Царства казак”), Мінскага раёну(“Насценька”), з Брэсцкай вобласці (“Польскі маёнтак”, “Студзінка”, Бабулькіна хатка”, “Палесскія традыцыі”, “Барысава”). Яны пажадалі памножыць свае веды і вопыт па прыгатаванню страў нацыянальнай кухні, адрадзіць унікальныя старабеларускія рэцэпты, каб такім чынам прывабіць больш кліентаў. Асноўным фундатарам конкурсу выступіла адміністрацыя абласнога Савета па аграэкатурызму Брэсцкага абласнога аграпрамысловага саюзу.

ssa47956

    Ала і Сяргей Палікарпук заўсёды славіліся сваёй гасціннасцю. Нягледзячы на тое, што іх прыватнаму сямейнаму бізнесу яшчэ толькі два гады, сядзіба “На зарэчнай вуліцы” ужо заслужыла высокі аўтарытэт сярод сваіх калег. Так, летась ў конкурсе “Лепшая аграэкасядзіба 2008 года” пад эгідай ААТ “Белаграпрамбанк” і ГА “Адпачынак у вёсцы”, была заваявана перамога ў намінацыі “Гасціннасць”, а таксама першае месца ў першым фэсце “Палесскія прысмакі”. Паслугі сям’і Палікарпкук карыстаюцца папулярнасцю не толькі сярод беларускіх, але і замежных турыстаў з Галяндыі, Германіі, Бельгіі, Польшы, Францыі, Расіі і інш. Адпачываючых вабіць непаўторная, а дзесці яшчэ амаль не кранутая беларуская прырода, маляўнічыя ландшафты, і вядома ж, самабытная смачнейшая беларуская кухня. У прыватнай гутарцы Сяргей Палікарпук узгадаў цікавы факт. Калі ў іх гасцілі амерыканцы, то першае, што яны запатрабавалі на стол, была… грэцкая каша. Пазней высвятлілася, што такая сельгаскультура на іх зямлі не расце. Ды і ўвогуле ў амерыканскай мове няма нават такой назвы. Еўрапейскія турысты па большасці надаюць перавагу вегітарыянскай кухні, пільна сочаць за станам свайго здароўя, абажаюць “зялёныя” велатурыстычныя туры.

    Як нам расказала ў інтэрвью уладальніца аграэкасядзібы “Царства казак”(Жлобінскі раён) Антаніна Міхайлава, сёлета яна зрабіла толькі першыя крокі ў гэтай дзейнасці. Яе катэдж будзе адрознівацца ад іншых і аформлены ў казачным стылі з шматлікай колькасцю кветак і выяў казачных персанажаў, спейцыяльна для адпачынку сем’яў з дзецьмі. Сядзіба Таццяны Ісаевай размешчана на тэрыторыі Белавежскай пушчы і яна робіць акцэнт на актыўны адпачынак у экалагічна чыстых умовах. Уладзімір Вярбіцкі плануе стварыць свой аб’ект агратурызму ў в. Барысава і арыентаваць стратэгію яе развіцця на спартыўны адпачынак.
    У параўнанні з мінулым годам колькасць аграэкасядзіб у Беларусі па ранейшаму засталася даволі невялікай. У Расіі і таго меней. У суседняй Украіне гэта лічба склалае 2 000, а ў Польшчы 20 000. Мабыць апошнія змяненні ў заканадаўстве па ільготнай крэдытнай палітыцы ў гэтай галіне бізнесу будуць добрым стымулам да стварэння новых агратурыстычных аб’ектаў.

У працэсе конкурса “Палесскія прысмакі” аўтару гэтых радкоў давялося пакаштаваць шмат незвычайных страў. Напрыклад – квас з буракоў, карпа з грыбамі, языка лася пад соўсам, шурпу з мясам бабра, шанежкі, струцэнь.

Усе ўдзельнікі конкурсу добра падрыхтаваліся да іспытаў кампетэнтнага журы на чале з загадчыкам кафедры філасофіі і культуралогіі Брэсцкага політэхнічнага універсітэта, старшынеё грамадскага савета па аграэкатурызму Брэсцкага абаснога аграпрамысловага саюзу Георгія Грыбава.

    На здымку(злева направа): прызёры конкурсу Ала Палікарпук, Эльвіра Палуян і Ніна Главацкая.
    Першае месца адзінагалосным рашэннем было прысуджана Эльвіры Палуян з Мінскага раёну (сядзіба “Насценька”), другое месца ў прыймаючага боку – сям’і Палікарпук, трэцяе месца ў Ніны Главацкай з Кобрынскага раёну. За свае кулінарныя намаганні пераможца і прызёры былі адзначаны ад арганізатараў конкурсу каштоўнымі падарункамі і дыпломамі адпаведных ступеняў. Арганізатары конкурса даволі высока адзначылі працу усіх канкурсантаў, шчыра падзякавалі іх за творчасць і тонкі кулінарны густ і выказалі спадзяванні, што такія конкурсы абавязкова будуць працягвацца.

P.S.
Як нам стала вядома напрыканцы красавіку адбудзецца яшчэ адно мерапрыемства для гаспадароў аграэкасядзіб – практычны семрінар у Галяндыі, куды з’язджаюцца лепшыя прадстаўнікі гэтага віду бізнесу. У ліку запрошаных – сям’я Палікарпук. Аб яго выніках чытайце на старонках нашай газеты.

    Раман МЕЛЬНІК
    Тэкст і фота аўтара
    5 красавіка 2009 года

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *