Слова — дэлегату: Працаваць хутка, будаваць — якасна

Палац культуры, амфітэатр, жывёлагадоўчыя фермы на Кобрыншчыне і Пружаншчыне, жыллё ў горадзе і на сяле… Гэта — далёка не поўны пералік таго, што робіць для нас будаўнічы трэст №33. Аб здабытках і планах на  будучыню расказвае дэлегат IV Усебеларускага народнага сходу генеральны дырэктар трэста Аркадзь Замковіч.

— Аркадзь Сямёнавіч, якія ўражанні вы атрымалі ад Усебеларускага сходу?

— Па-першае, мне хацелася б выразіць шчырую ўдзячнасць свайму калектыву і раённаму сходу за аказаны гонар прадстаўляць нашу Кобрыншчыну ў якасці дэлегата. Удзел ва Усебеларускім сходзе стаў для мяне сур’ёзнай і адказнай місіяй. Задачы на наступную пяцігодку былі пастаўлены перад усімі галінамі народнай гаспадаркі — у тым ліку і перад будаўнікамі. Трэба адзначыць, што падчас сходу Прэзідэнт удзяліў нашай сферы шмат увагі — былі і заўвагі, і справядлівая крытыка. Я лічу, што гэта правільна — сапраўды, да многіх пытанняў нам трэба падыходзіць больш прынцыпова.

— Якія задачы ў будучай пяцігодцы вы лічыце самымі важнымі?

— У першую чаргу — зніжэнне матэрыялаёмістасці і энергаспажывання, а ў выніку — агульнае зніжэнне кошту жылля. Не менш важнымі з’яўляюцца пытанні якасці, навядзення парадку на будоўлях і павышэння працоўнай дысцыпліны. Ад усяго гэтага непасрэдна залежаць вынікі, прадукцыйнасць і эфектыўнасць работы.

— Час не стаіць на месцы — мяняюцца і будаўнічыя тэхналогіі. Магчыма, існуюць і нейкія  інавацыйныя праекты, якія дазволяць справіцца з пастаўленымі задачамі на больш высокім узроўні?

— Безумоўна. Так, будзем спадзявацца, што ў хуткім часе на Кобрыншчыне будзе асвоена будаўніцтва панельных дамоў, якое дазволіць значна скараціць тэрміны будаўніцтва і павысіць прадукцыйнасць працы. Лічыце самі: за адзін толькі месяц пры будаўніцтве панельнага дома, скажам, на 60 кватэр,  можна ўзвесці прыкладна тры паверхі. Узводзячы той самы дом з цэглы, мы за месяц маем толькі адзін паверх. Гэта — пры наяўнасці належнай колькасці муляраў, з якімі зараз якраз праблемы.  Дадайце і той факт, што панель будзе выходзіць з завода ўжо практычна гатовым кавалкам дома, на які, вобразна кажучы, трэба толькі паклеіць шпалеры — і карціна атрымаецца поўнай. Меншыя тэрміны, меншыя затраты — а ў выніку значна большая эфектыўнасць вытворчасці. Дарэчы, пасля завяршэння рэканструкцыі завода «Брэстжылбуд», на якім і будуць выпускацца панелі, два такія дамы плануецца пабудаваць у нашым горадзе ўжо ў бліжэйшы час. Акрамя таго, нельга не адзначыць агульную тэндэнцыю ў бок энергазберажэння — усе сучасныя распрацоўкі ў будаўнічай сферы накіраваны на тое, каб новы дом сам па сабе дазваляў эканоміць, прычым эканоміць  значна.

— За мінулыя гады будаўнічая галіна ў нашай краіне радыкальна змянілася ў лепшы бок. Як гэтыя змены адлюстраваліся ў жыцці трэста?

— За апошнія гады з розных крыніц фінансавання мы пераўзброілі парк машын і механізмаў на 12,5 мільярда рублёў. Гэта дазволіла ў 2 разы павялічыць прадукцыйнасць працы. У параўнанні з 2006-м годам гадавы аб’ём вытворчасці ў вартасным выражэнні вырас у 3,35 раза, а прыбытак прадпрыемства — у 10 разоў. Расце рэнтабельнасць, расце прадукцыйнасць — а разам з імі расце і заработная плата, якая сёння складае ў эквіваленце каля 500 долараў ЗША. Дарэчы, згодна з курсам, які ўзяты дзяржавай, да канца пяцігодкі мы павінны наблізіцца да тысячы долараў —  я лічу, што гэта рэальна.

— Галоўнае багацце любога прадпрыемства — яго калектыў…

— Безумоўна. З задавальненнем хацелася б адзначыць, што маіх супрацоўнікаў у поўнай меры можна назваць сапраўднымі прафесіяналамі, якія ў стане выканаць любую пастаўленую задачу. Менавіта прафесіяналізм і дысцыплінаванасць, на мой погляд, павінны быць галоўнымі крытэрыямі для будаўніка. А сваіх кадраў мы выхоўваем, што называецца, з маладых гадоў — у прыватнасці, у трэста заключаны дагавор з Кобрынскім каледжам будаўнікоў, які пастаўляе нам падрыхтаваных і запатрабаваных спецыялістаў.

— Аркадзь Сямёнавіч, калі выказаць задачы будаўнічай сферы некалькімі словамі, як бы вы іх сфармулявалі?

— Па-першае, дзяржава ставіць перад намі канкрэтныя мэты — у канцы будучай пяцігодкі будаваць 1 квадратны  метр агульнай плошчы на аднаго чалавека ў год з павелічэннем прадукцыйнасці працы ў 1,4 — 1,5 раза. А калі коратка, то наша галоўная задача заўсёды была, ёсць і будзе — будаваць хутка і якасна.

Гутарыў Дзмітрый БЯЛОЎ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *