“Бурштыну” апладзіравалі ў Індыі!

Прыемнай нечаканасцю для ўсяго калектыву народнага ансамбля песні і музыкі “Бурштын” Кобрынскага гарадскога Палаца культуры стала радасная навіна. У выніку перагавораў паміж саветам па культурных зносінах Міністэрства замежных спраў і форумам сусветнай культуры Індыі, а таксама пасольствам Беларусі ў гэтай краіне стала вядома, што кабрынчане атрымалі права прыняць удзел у Дэлійскім міжнародным фестывалі мастацтваў, які праводзіўся з 3 па 12 снежня. Ім даручалася ганаровая і разам з тым адказная місія — годна прадставіць не толькі Брэстчыну, але і ўсю Беларусь на гэтым прэстыжным мерапрыемстве, прадэманстраваць здабыткі нацыянальнай культурнай спадчыны: песні, танцы і абрады.

Начальніку аддзела культуры райвыканкама Надзеі Жук, мастацкаму кіраўніку “Бурштына” Таццяне Татолінай і ўсім артыстам было не проста прыняць рашэнне наконт далёкай паездкі. Дапамаглі з арганізацыйнымі пытаннямі мясцовыя ўлады і Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь.

Шлях да Індыі няблізкі. Спачатку артысты прыехалі ў Мінск, а потым на авіялайнеры ноччу прыляцелі ў горад Абу-Дабі (Аб’яднаныя Арабскія Эміраты).

— Уявіце, што з Кобрына мы выехалі пры мінусавай тэмпературы, а праз лічаныя часы адчулі на сабе сапраўднае ліпеньскае надвор’е, — распавядае Надзея Жук. — З перасадкай дабраліся да Дэлі, дзе ноччу было ўжо прыкладна  дзесяць градусаў па Цэльсію. Усе расходы па пражыванні кабрынчан у краіне ўзяло на сябе Міністэрства замежных спраў Індыі.

Індыя — краіна кантрастаў. У самым цэнтры горада радуюць вока шыкоўны каралеўскі старажытны палац з каменю, мармуру і золата, які пераліваецца ўсімі колерамі вясёлкі, шматпавярховыя небаскробы ў дзелавых цэнтрах сталіцы, якія не ўступяць па сваім стылі і аснашчанасці самым сучасным аналагам у Нью-Ёрку ці Пекіне. Зусім побач — кварталы, дзе пражываюць малазабяспечаныя слаі насельніцтва. Здзіўляе і парадокс, які заўважылі не толькі беларусы, але і іншыя госці. Нягледзячы на рэзкую дыферэнцыяцыю ў грамадстве, узровень адукаванасці, дэмаграфічны бум (у Індыі пражывае 1,5 млрд. чалавек) і выхаванне людзі з вялікай павагай ставяцца адзін да аднаго.

Кабрынчане паспелі азнаёміцца ў Індыі са шматлікімі разнастайнымі краявідамі. Пабывалі ў мемарыяльным музеі імя англійскай каралевы Вікторыі, наведалі індуісцкія, будыйскія, мусульманскія і хрысціянскія храмы. Уразіў высокатэхналагічны доўгі мост цераз свяшчэнную раку Ганг, у якой ажыццяўляюцца рэлігійныя абрады.Вялікую ўвагу індусы надаюць правільнаму харчаванню. Так званы фаст-фуд у Дэлі не прыжыўся. Спажыўцам прапануюцца разнастайныя стравы з натуральных прадуктаў, вострыя соусы і прыправы. Дзякуючы трапічнаму клімату на ўрадлівай глебе насельніцтва збірае па некалькі ўраджаяў разнастайнай садавіны і агародніны. Садова-паркавыя ансамблі гарадоў уражваюць экзатычнай расліннасцю – магутнымі пальмамі, шматлікімі рэдкімі кветкамі, у тым ліку і лотасамі, якія лічацца сімвалам Індыі.

Кабрынчане размяшчаліся ў камфартабельных нумарах дэлійскай гасцініцы. 6 снежня ім было даручана выступіць на буйнейшай індыйскай сцэне міжнароднага фестывалю мастацтваў, куды з’ехаліся артысты з розных куткоў свету — Японіі, Мексікі, Аргенціны, Карэі, Расіі, Узбекістана і інш.

Як адзначае Таццяна Татоліна, арганізацыйны ўзровень мерапрыемства быў выдатным. Мясцовыя спецыялісты ў сферы шоу-бізнесу маюць значны вопыт у правядзенні такіх форумаў, паколькі часта працуюць з эстраднымі зоркамі першай велічыні ў свеце. Шыкоўнае асвятляльнае і гукавае абсталяванне, дэкарацыі і цудоўная, сяброўская атмасфера ў глядзельнай зале задаволілі ўсе патрэбнасці кабрынчан. Гледачы ў Індыі не маюць звычкі бурна дэманстраваць свае эмоцыі. Калі падабаецца выступленне – на іх тварах з’яўляецца лёгкая ўсмешка. Калі дзеянне на сцэне не зацікавіць – гледачы моўчкі пакідаюць залу.

Кабрынчане падрыхтавалі цікавую вакальна-харэаграфічную праграму – беларускія, рускія, украінскія і польскія кампазіцыі з арыгінальнай аранжыроўкай, песні ваенных часоў. Асабліва гледачам спадабаўся аўтэнтычны абрад вяселля на палескім дыялекце. Дарэчы, жонка беларускага пасла ў Індыі Галіна Лапцёнак, якая ўважліва слухала “Бурштын”, нарадзілася ў Брэсце. І для яе пачуць родную мову за столькі тысяч кіламетраў было асабліва прыемна і хвалююча.

На наступны дзень кабрынчане выступілі з аналагічнай праграмай у расійскім культурным цэнтры ў Дэлі. Пасля канцэрта пасол РБ у Індыі Алег Лапцёнак арганізаваў для “Бурштына” ўрачысты прыём, дзякаваў за майстэрства і талент. А 8 снежня артысты накіраваліся ў Калькуту, у расійскі цэнтр асветы і культуры, дзе трэці раз дэманстравалі сваю творчасць.

За свае намаганні калектыў атрымаў памятныя падарункі, а таксама сімвалічную статуэтку міжнароднага дэлійскага фестывалю. Мэр Нью-Дэлі выказаў сардэчную падзяку беларусам і адзначыў, што беларуская культура мае багацейшую спадчыну, якую ўдалося зберагчы і прымножыць.

Цэнтральная індыйская прэса высока ацаніла выступленні “Бурштына”. У распараджэнне рэдакцыі трапіў нумар газеты “Mail Today”, дзе размешчаны матэрыял аб візіце “Бурштына”, які мае назву “Індыйскае сонца для беларусаў”. Ганаровы консул РБ у Калькуце Сітарам Шарма назваў выступленне кабрынчан цудоўным і выказаў упэўненасць, што падобныя мерапрыемствы будуць і далей садзейнічаць умацаванню сумеснага індыйска-беларускага гуманітарнага супрацоўніцтва, павышаць імідж абедзвюх краін.

Дадому артысты вярнуліся, крыху стаміўшыся. За пяць дзён яны пераадолелі 15000 кіламетраў! Тым не менш у кожнага засталіся прыемныя ўражанні ад такой паездкі. Захаваліся не толькі сувеніры, але і багатая калекцыя фотаздымкаў, якія будуць служыць яркім напамінам аб гасціннасці і цёплым сонцы Індыі.

Раман МЕЛЬНІК.

Фота з архіва Таццяны Татолінай.

НА ЗДЫМКАХ: ансамбль “Бурштын” адразу пасля выступлення разам з арганізатарамі фестывалю ў Калькуце; Сітарам Шарма і першы сакратар пасольства РБ у Індыі Мая Русецкая разам з Надзеяй Жук; індыйскія краявіды.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *