Августовская конференция работников системы образования, которая прошла недавно в Кобрине

Выхаваць чалавека, асобу, грамадзяніна

IMG_2317Калі мы адпраўляем нашых дзяцей у школу, то жадаем, каб яны не толькі атрымалі належны ўзровень ведаў, але і сталі дастойнымі грамадзянамі нашай Беларусі, памяталі пра свае гістарычныя карані, традыцыі і звычаі продкаў, пра гераічную мінуўшчыну нашага народа, самі стваралі на гэтых каштоўнасцях заўтрашні дзень. Выхаванне чалавека культуры як аснова яго падрыхтоўкі да паўнацэннага жыцця ў грамадстве стала лейтматывам жнівеньскай канферэнцыі супрацоўнікаў сістэмы адукацыі, якая прайшла нядаўна ў Палацы культуры. У мерапрыемстве прынялі ўдзел старшыня раённага Савета дэпутатаў Іван Даўжук, намеснік старшыні райвыканкама Валянцін Трубчык, намеснік начальніка ўпраўлення адукацыі аблвыканкама Ірына Чоўжык, кіраўнікі структурных падраздзяленняў райвыканкама, арганізацый Кобрыншчыны і супрацоўнікі ўстаноў адукацыі раёна.
— Мы заўсёды павінны ставіцца да настаўніка з вялікай павагай, таму што ўсе мы, незалежна ад таго, у якой сферы працуем і якія пасады займаем, у свой час выйшлі са школы, — адзначыў намеснік старшыні райвыканкама Валянцін Трубчык. – І я вельмі задаволены, што на Кобрыншчыне сістэма адукацыі працуе на самай справе эфектыўна і дзейнічае ў цесным супрацоўніцтве з іншымі службамі раёна. Мы павінны не проста даць дзецям веды, але выхаваць асобу і сапраўднага грамадзяніна, гатовага працаваць на карысць сваёй Радзімы і абараніць яе, калі раптам ўзнікне такая неабходнасць. І я веру, што людзі, якія сёння працуюць у сферы адукацыі Кобрыншчыны, дзякуючы свайму патэнцыялу, безумоўна, справяцца з гэтымі высокімі задачамі.

IMG_2376Што ж датычыцца вынікаў усёй той вялікай работы, то, як адзначыла начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Галіна Радковіч, кабрынчанам ёсць чым ганарыцца. Амаль палова выпускнікоў раёна (48,2%) у гэтым годзе паступілі ў навучальныя ўстановы, і гэты паказчык знаходзіцца на ўзроўні мінулага года. Пры гэтым узровень паступлення ў ВНУ па горадзе складае 57,7%, а ў гімназіі Кобрына гэты паказчык дасягае 90% выпускнікоў. Апраўдвае сябе і актыўна развіваецца сістэма профільнага навучання. Так, паводле папярэдніх падлікаў, у новым навучальным годзе ў 12-ці школах будуць адкрыты 22 профільныя класы і групы для 258 дзесяцікласнікаў. Сёння нашы вучні займаюць прызавыя месцы на абласных і рэспубліканскіх алімпіядах, у самых разнастайных конкурсах і канферэнцыях, у тым ліку міжнароднага ўзроўню, дзякуючы сваім талентам адзначаюцца высокімі дасягненнямі на фестывалях. Адным словам, выходзяць у дарослае жыццё адукаванымі, культурнымі і паспяховымі людзьмі.
Пераканацца ў гэтым удзельнікі і госці жнівеньскай канферэнцыі маглі на ўласныя вочы. Дарэчы, мерапрыемства, якое разгарнулася ў Палацы культуры, зусім не нагадвала канферэнцыю ў яе звычным разуменні, ператварыўшыся ў яркую і цікавую імпрэзу. У гэты дзень за педагогаў гаварылі іх лепшыя дасягненні – іх вучні, чые здольнасці не пакінулі абыякавымі нікога ў зале. У аўтэнтычнай вопратцы продкаў яны размаўлялі і спявалі песні на роднай мове сваіх бацькоў і дзядоў, танцавалі, праяўлялі лідарскія якасці і пацвярджалі на ўласных прыкладах, што праца педагогаў Кобрыншчыны прыносіць свае відавочныя вынікі. Не адставалі і самі педагогі, якія прадэманстравалі цэлае сузор’е талентаў, у чарговы раз пацвердзіўшы, што пра выхаванне будучага пакалення ў нас клапоцяцца людзі з гарачым сэрцам і багатым унутраным святлом. За гэтыя якасці і за шчырую прыхільнасць высакароднай справе лепшыя прадстаўнікі педагогаў Кобрыншчыны ў гэты дзень атрымалі цэлы шэраг узнагарод самага разнастайнага ўзроўню. Але наўрад ці ўсе яны могуць у поўнай меры адлюстраваць нашу ўдзячнасць гэтым людзям, тую велізарную ролю, якую адыгрывае іх праца ў выхаванні нашых дзяцей культурнымі людзьмі, шматграннымі асобамі і сапраўднымі патрыётамі сваёй Радзімы.
Дзмітрый БЯЛОЎ.
НА ЗДЫМКАХ: намеснік старшыні райвыканкама Валянцін Трубчык уручае Грамату райвыканкама дырэктару дзіцячага сада-сярэдняй школы № 4 Алёне Фігурынай; моманты канферэнцыі.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *