Мікалай Крывецкі: “Пазітыўныя змены ў энергетыцы будуць працягнуты”

У апошнія два гады на Кобрыншчыне ўведзены ў эксплуатацыю шэраг буйных аб’ектаў сацыяльнай і вытворчай сферы. У поўнай меры адпавядае сучасным крытэрыям і новы трохпавярховы адміністрацыйны будынак Кобрынскага раёна электрычных сетак з разлікова-касавым цэнтрам, цырымонія ўрачыстага адкрыцця якога адбылася 21 снежня. У мерапрыемстве прынялі ўдзел намеснік старшыні Брэсцкага аблвыканкама Мікалай Крывецкі, генеральны дырэктар РУП “Брэстэнерга” Уладзімір Шышко і  старшыня райвыканкама Мікалай Кенда.

Будаўніцтва распачалося ў красавіку мінулага года сіламі УП “Баранавічыбудінвест”. Нагадаем, што, акрамя Кобрына, аналагічныя аб’екты ўжо функцыянуюць у Брэсце, Баранавічах, Пружанах і Маларыце.

Выступаючы на адкрыцці РКЦ, Мікалай Кенда сардэчна падзякаваў кіраўніцтву вобласці і РУП “Брэстэнерга” за значны ўклад у развіццё вытворчай інфраструктуры горада і выдатнага энергазабеспячэння кабрынчан. Ён выказаў упэўненасць у тым, што плённае супрацоўніцтва будзе яшчэ больш цесным і плённым.

Як адзначыў у сваім выступленні Уладзімір Шышко, адкрыццё адміністрацыйнага будынка Кобрынскага РЭС з разлікова-касавым цэнтрам дазваляе аператыўна абслугоўваць кліентаў па заяўляльным прынцыпе “адно акно”. Звярнушыся ў РКЦ, чалавек можа хутка атрымаць кансультацыю спецыялістаў, якая тычыцца тарыфаў за электраэнергію, прымянення і выбару прыбораў уліку электраэнергіі і інш. У тым жа памяшканні працуе цэнтр банкаўскіх паслуг № 5 філіяла па Брэсцкай вобласці “БПС-Банк”. Побач размясцілася энергаінспекцыя Кобрынскага раёна, якая раней базіравалася на Замкавай плошчы. У адным месцы наведвальнікі маюць магчымасць вырашыць  свае злабадзённыя пытанні.

— Новы будынак станоўча  ўплывае і на настрой маіх падначаленых, — гаворыць начальнік РЭС Васіль Анішчук. — Кожны кабінет і вытворчае памяшканне выкананы паводле еўрастандартаў, дзейнічае сістэма кандыцыянавання паветра, добрае ацяпленне, уведзена ў строй новая дыспетчарская. Усе ўмовы для зручнай і плённай працы.

У час урачыстасцей Мікалай Крывецкі паведаміў, што ў Кобрыне запланавана будаўніцтва міні-ЦЭЦ, якая павінна аўтаномна функцыянаваць у выпадку ўзнікнення тэхнічных праблем. Мікалай Анатольевіч падкрэсліў, што наступны год і пяцігодка ў вобласці будуць часам не менш напружанай працы ў галіне энергетыкі.

Раман МЕЛЬНІК.

Фота аўтара.

НА ЗДЫМКАХ (злева направа): Васіль Анішчук, Мікалай Крывецкі, Мікалай Кенда, Уладзімір Шышко і дырэктар УП “Баранавічыбудінвест” Аляксандр Мацеша ў час цырымоніі адкрыцця РКЦ; новы будынак Кобрынскага РЭС.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *