«Школа — гэта пачатак. Працяг залежыць ад нас…»

Не так даўно сярэдняя агульнаадукацыйная школа №1 адзначыла свой стогадовы юбілей. Можна толькі ўявіць сабе, колькі цікавых людзей выйшла за гэты час з яе сцен… Сёння яны працуюць у самых розных сферах — і робяць усё магчымае для таго, каб наш горад і наша краіна квітнелі і развіваліся. Знаёмцеся — перад вамі  былыя выпускнікі САШ №1, якім прысвячаецца новы цыкл матэрыялаў «КВ».

Майстар на будоўлі, галоўны інжынер ПМК-57, начальнік БУ-182, галоўны інжынер будаўнічага трэста… Гэта — этапы жыццёвага шляху нашага  субяседніка —  выпускніка школы №1, а сёння дырэктара ЗАТ «Інтэрбудсэрвіс» Валянціна Дамброўскага. У мінулым годзе арганізацыі споўнілася 15 гадоў — зараз тут працуе каля 200 чалавек, толькі за гэты год прадпрыемствам было выканана работ на суму каля 19 мільярдаў рублёў.

— Шчыра прызнацца, старанным вучнем у школе мяне назваць было цяжка, — усміхаецца Валянцін Іосіфавіч. — Справа ў тым, што ў той час я сур’ёзна займаўся грэка-рымскай барацьбой — і ў школе, у сувязі з разнастайнымі спаборніцтвамі, з’яўляўся рэдка. Раз’езды, чэмпіянаты… Але ўспаміны пра школьныя гады засталіся самыя лепшыя.

Як адзначыў Валянцін Дамброўскі, вельмі важна, калі ў навучальнай установе  існуюць цвёрдыя традыцыі, калі там працуе кваліфікаваны калектыў, калі вучні ведаць гісторыю сваёй школы — і маюць магчымасць раўняцца на яе выпускнікоў. Што ж датычыцца спартыўнай кар’еры Валянціна Іосіфавіча, то з яе ён вынес адно простае правіла, якое, з яго слоў, у поўнай меры можна прымяніць да ўсяго жыцця.

— Галоўнае — не расслабляцца пасля поспеху і не спыняцца на дасягнутым, — дзеліцца сваімі думкамі Валянцін Дамброўскі. — Раскажу вам пра адзін выпадак. На рэспубліканскім этапе спаборніцтваў змагаўся я з адным хлопцам з Гродзеншчыны — напрыканцы ішоў з перавагай у два ачкі. Да канца некалькі хвілін — гляджу, а сапернік мой нахіліўся, дыхае цяжка… Адным словам — думаю, выдыхнуўся хлопец, зараз яго ў партэр звалю і ціхенька астатні час там пратрымаю. Падышоў, заспакоены такі — і папаўся на прыём. Аказалася, сапернік толькі прыкідваўся, што стаміўся — і атрымаў такім чынам перамогу. Вось так і ў жыцці — ніколі  не трэба сябе пераацэньваць і спыняцца на дасягнутым, думаць што поспех ужо ў кішэні.

Што ж датычыцца выбару прафесіі, то тут, як аказалася, вялікую ролю адыграў бацькоўскі прыклад. І бацька, і маці Валянціна Іосіфавіча працавалі на будоўлі, дзе з дзяцінства, што называецца, «круціўся» і наш субяседнік. Так што выбар навучальнай установы — сёння яна называецца Брэсцкі дзяржаўны політэхнічны ўніверсітэт — быў заканамерным.

Пры падборы  супрацоўнікаў  у Валянціна Дамброўскага адзін  крытэрый — кваліфікацыя і прафесіяналізм. Між іншым, знайсці на самой справе кваліфікаванага спецыяліста ў будаўнічай сферы сёння не так ужо проста — вялікая частка прафесіяналаў знаходзіць сабе больш аплачваемую работу за мяжой. ЗАТ «Інтэрбудсэрвіс» свае кадры стараецца выхоўваць з самага пачатку. Так, пастаяннае супрацоўніцтва падтрымліваецца з Брэсцкім дзяржаўным політэхнічным універсітэтам, а па лініі рабочых — з Кобрынскім каледжам будаўнікоў.

— У нас праходзяць практыку студэнты, пачынаючы з 3-га курса, — расказвае Валянцін Дамброўскі. — Мы да іх прыглядаемся, ацэньваем, а потым, пасля заканчэння ВНУ, калі ўзровень задавальняе — бяром да сябе ў калектыў. Нельга з найлепшага боку не адзначыць і выпускнікоў Кобрынскага каледжа будаўнікоў — скажу шчыра, там выпускаюць добрых спецыялістаў.

А такія людзі, як вядома, будуць высока цаніцца ў любой арганізацыі. У прыватнасці, у «Інтэрбудсэрвісе» будаўнік можа зарабіць да 2-х мільёнаў у месяц — зразумела, у тым выпадку, калі  прыходзіць на работу менавіта працаваць, а не проста адбываць час.

Што ж датычыцца падагульнення ролі школы ў жыцці чалавека, то, як адзначыў на развітанне Валянцін Дамброўскі, у кожнага свой шлях. Адзін можа выдатна вучыцца — і стаць знакамітым навуковым дзеячам, іншы атрымае добрыя прафесійныя навыкі — і стане, напрыклад, добрым будаўніком або слесарам, трэці выбярэ для сябе кар’еру ваеннага — і будзе самааддана абараняць Радзіму. Але ўсе мы, нягледзячы на канчатковы выбар, праз усё жыццё нясем тое, што было дадзена нам за школьнай партай… Ну а ўжо як скарыстаем усё гэта — залежыць толькі ад нас.

Дзмітрый БЯЛОЎ.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *