Василий и Валентина Бриштен встретились однажды и навсегда

Сустрэліся аднойчы і назаўсёды

IMG_3121 “Мы, беларусы — мірныя людзі, сэрцам адданыя роднай зямлі…” Менавіта гэтымі радкамі пачынаецца Дзяржаўны гімн Рэспублікі Беларусь, які ў поўнай меры адлюстроўвае жыццёвы парадак і каштоўнасці амаль кожнай беларускай сям’і. Безумоўна, характарызуе працавітых, добрасумленных беларусаў, для якіх гэтыя самыя каштоўнасці не пусты гук.
Такімі ж добразычлівымі беларусамі з’яўляецца і сям’я Васілія і Валянціны Брыштэн з вёскі Павіцце, якія ўжо сямнаццаць гадоў побач, плячо ў плячо, пераадольваюць цяжкасці і цешацца поспехам, гадуючы ў каханні чацвярых дзяцей.

IMG_3089 — Пазнаёміліся мы з Васіліем на вяселлі ў сяброў, дзе былі сведкамі. А праз месяц ён прыехаў ужо сватацца, — з ноткамі шчасця ў голасе ўспамінае Валянціна.
У 1999 годзе маладая пара пажанілася, а праз год на свет з’явілася Вікторыя. Так як бацькі са шматдзетных сем’яў, на адным дзіцяці яны вырашылі не спыняцца, марачы ўласную сям’ю таксама напоўніць дзіцячым смехам. Так і атрымалася. У 2004 годзе нарадзілася другая дачка — Ірына, далей, у 2006, — Сафія. Нарэшце у 2013 годзе свет убачыў і сыночак Аляксандр, якога ў сям’і ласкава завуць Сашкай.
Так ужо павялося, што ў вёсцы жыццё трошкі цяжэй, чым у горадзе. Акрамя асноўнай работы Васілія ў ДСУП «Сяльгас-Павіцце», дзе ён працуе трактарыстам, і Валянціны, якая працуе сацыяльным работнікам, ёсць яшчэ і абавязкі па хатняй гаспадарцы. Вось тут на дапамогу прыходзяць і дзеці, якія вельмі шануюць сваіх бацькоў, імкнуцца хоць неяк ім дапамагчы. Нават самы маленькі Сашка кожны раз, як тата ўваходзіць вечарам у хату, адразу нясе яму самую вялікую падушку, каб той прылёг і крыху адпачыў.
Старэйшыя дзяўчынкі ходзяць у школу, і ў кожнай з іх ёсць сваё захапленне. Напрыклад, Іра наведвае музычную школу, дзе вучыцца іграць на баяне. Сафія, акрамя выдатнай паспяховасці на ўроках, вельмі любіць чытаць. Што ж датычыцца Вікторыі, то гэта сапраўдная юная «зорачка». Прыгажуня перайшла ў дзясяты клас, удзельнічае ў творчай самадзейнасці, спявае і выступае ў якасці вядучай на розных мерапрыемствах. А яшчэ яна вельмі любіць гатаваць ежу, асабліва разнастайную выпечку. Трэба сказаць, што гатуе ў гэтай сям’і нават тата, але ўсё ж любімым яго заняткам з’яўляецца рыбалка.
Аб тым, што сям’я Брыштэн вітае правільны і здаровы лад жыцця, гаворыць іх удзел у раённым конкурсе «Самая здаровая сям’я», дзе яны занялі трэцяе месца і былі ўзнагароджаны Дыпломамі Кобрынскага райвыканкама. З’яўляючыся прыкладам сямейнага дабрабыту, яны заўсёды рады гасцям, якіх тут любяць і сустракаюць з адкрытай душой. Нягледзячы на некаторыя цяжкасці, якія бываюць у кожнага, гэтыя людзі моцна шануюць адзін аднаго, імкнучыся жыць так, каб ніколі не было сорамна за сябе перад людзьмі і каб у любой сітуацыі заставацца сапраўдным чалавекам.
Ганна ЦІМАШУК.
НА ЗДЫМКУ: сям’я Брыштэн.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *