Жительница Кобринского района Анастасия Тарасюк: «Иглой, словно кистью, вышиваю…»

Іголкай, нібы пэндзлем, вышывае…

IMG_1625 Каля работ майстрыхі з Павіцця Анастасіі Тарасюк у час тэатралізаваных падворкаў на Дзень горада нельга было не спыніцца: настолькі яны былі яскравымі, і здавалася, што не вышыты крыжыкам, а намаляваны рознакаляровымі нітачкакамі. Таму мы не сталі адкладваць наш візіт у Павіцце ў доўгую скрыню, каб бліжэй пазнаёміцца з жанчынай, у якой, сапраўды, “залатыя” рукі.
Анастасія Іванаўна сустрэла нас у двары з унучкамі. Запрасіла ў хату, а там усюды вышытыя сурвэткі і ручнікі.
— Пачала я вышываць у дзяцінстве, навучыла мяне маці. Акрамя гэтага, умею вязаць і шыць, але вышыванне займае асаблівае і галоўнае месца. Кожная дзяўчына рыхтавала сабе пасаг, калі ішла замуж. На другі дзень вяселля ўжо ў мужа даставалі вышытыя ручнікі, сурвэткі і лічылі, колькі чаго прывезла нявеста, — расказвае гаспадыня.
Калі Анастасія Тарасюк працавала ў калгасе заатэхнікам і селекцыянерам, часу на вышыванне асабліва не было, але дочкі не засталіся без ручнікоў на вяселлях. З выхадам на заслужаны адпачынак вольнага часу стала больш. Захацелася папрацаваць для душы, а калі заўчасна памёр муж і перажыванні захліснулі, вышыванне дапамагала гаіць душэўныя раны.

IMG_1627 — У мяне быў вельмі добры муж, – з асаблівай пяшчотай расказвае мая субяседніца. – Ён быў майстар на ўсе рукі: будаваў, слясарыў, мы і вялікую гаспадарку трымалі. А пасля таго як захварэў, падзяліў усё паміж дочкамі. У мяне застаўся толькі агарод, але на ім маю ўсё: агуркі, памідоры, маліну, сланечнікі, кавуны ды шмат чаго яшчэ.
Аднойчы Анастасія Іванаўна ўбачыла вялікую вышытую ікону і загарэлася жаданнем паўтарыць шэдэўр. Свой намер выказала брату свяшчэнніку, але той сказаў, што патрэбна благаславенне бацюшкі з таго прыходу, куды ходзіць жанчына. Атрымаўшы дазвол, майстрыха пачалала працаваць. Карпатлівая работа заняла не адзін месяц, але атрыманы вынік здзіўляе. Пасля ўдалай работы жаданне вышываць іконы ўзмацнілася, і сёння жанчына мае пяць такіх работ.
— Неяк я падлічыла колькасць гадзін, якія вышывала адну з ікон, і падзяліла на сем, каб разлічыць колькасць затрачаных дзён. Дык атрымалася 56 дзён!
Вышывае Анастасія Тарасюк пастаянна, заседжваецца да двух-трох гадзін ночы і кажа, што не адчувае стомы, асабліва, калі пад іголкай і ніткай біблейскі сюжэт.
Сваё ўменне перадала майстрыха не толькі дочкам, але і ўнучкам. Напрыклад, Дзіяна, якой толькі адзінаццаць, прыходіць да бабулі, калі тая працуе, сядае побач і займаецца сваёй вышыўкай. Некаторыя сюжэты навалачак або ручнікоў жанчына кампануе, падглядвае ў часопісах, штосьці знаходзяць унучкі ў інтэрнэце.
Хочацца пажадаць Анастасіі Тарасюк пастаяннага натхнення і новых цікавых сюжэтаў.
Людміла ПАШКОВІЧ.
НА ЗДЫМКУ: Анастасія Тарасюк з унучкамі Дзіянай і Наталляй у акружэнні сваіх работ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *