В Кобринском районе есть первые тысячники!

Жніво-2016
Першыя тысячнікі – ёсць!

IMG_9006
На Кобрыншчыне віншаваць экіпажы, якія першымі перайшлі рубеж у тысячу тон збожжа на ўборачнай, – добрая традыцыя. Не адступіліся ад яе і сёлета. 4 жніўня цэлая дэлегацыя ў складзе старшыні Кобрынскага райвыканкама Аляксандра Зазулі, намесніка старшыні райвыканкама Сяргея Барташа, старшыні гарадскога аб’яднання прафсаюзаў Міхаіла Трубчыка, старшыні раённага камітэтата прафсаюза работнікаў АПК Васілія Лазарчука і работнікаў культурнай сферы выехала з ганаровай місіяй у гаспадаркі раёна. IMG_8967
Першым пунктам для віншавальнай цырымоніі стаў СВК “Узыходзячая зара”, дзе адрасатамі для добрых слоў, песняў і каштоўных падарункаў сталі механізатары Андрэй Ігнацюк і Уладзімір Сідарук. Вопытныя камбайнеры неаднаразова пераадольвалі тысячны рубеж у ліку першых. Улічваючы, што сёлета прырода не радуе добрым надвор’ем, гэтую перамогу лічаць асаблівай.
Віншавальная эстафета працягнулася ў ААТ “Пакроўскі”. Тут адзнаку ў тысячу тон пераадолелі ажно два экіпажы: Юрыя Сідарука і Вадзіма Ляўчука, Мікалая і Васілія Міранюкоў. Дарэчы, ушанаванне ўсіх экіпажаў у адзін дзень не выпадковасць. Сёлета рэкардсмены жніва ішлі, як кажуць, “камбайн у камбайн”, а разрыў паміж іх вынікамі склаў лічаныя гадзіны. Асобную ўвагу хацелася б надаць братам Міранюкам, якія спаборнічаюць у катэгорыі маладзёжных экіпажаў і сталі другімі ў вобласці. Як адзначылі руплівыя хлопцы, ім ёсць на каго раўняцца: у штаце камбайнераў гаспадаркі – выключна прафесіяналы. Гаворыць пра гэта і той факт, што ўборачная кампанія ў “Пакроўскім” выйшла на фінішную прамую. З 1255 гектараў збожжавых культур зжата 793..
У цэлым жа па раёне ўборка ў самым разгары. Як адзначыў Сяргей Барташ, па стане на момант віншавальнай імпрэзы з 28170 гектараў уборачных плошчаў было прыбрана 16,5 тысячы гектараў. Ураджайнасць па раёне складала 32 ц/га, і, як адзначалася, гэта не мяжа. Паказчык па дзяржзаказе, які даведзены раёну, а гэта 15530 тон збожжа, нашы аграрыі плануюць выканаць.
Людміла ДУБІНА.
НА ЗДЫМКАХ: 1 – у час віншавальнай імпрэзы (злева направа): Міхаіл Трубчык, маладзёжны экіпаж тысячнікаў — Мікалай і Васілій Міранюкі, Васілій Лазарчук, экіпаж тысячнікаў — Юрый Сідарук і Вадзім Ляўчук, старшыня ААТ “Пакроўскі” Віктар Свянтэцкі, Аляксандр Зазуля, старшыня Буховіцкага сельвыканкама Сяргей Лаўрысюк і Сяргей Барташ; 2 – тысячнікі СВК “Узыходзячая зара” (злева направа): Уладзімір Сідарук і Андрэй Ігнацюк.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *