Владимир Кузич хорошо знает, как выстраивать отношения с людьми

З клопатам пра ветэранаў

IMG_8473Сёлета на пасаду старшыні Кобрынскай раённай арганізацыі Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў на другі тэрмін аднагалосна перавыбраны Уладзімір Кузіч. Такому зыходу падзей здзіўляцца не прыходзіцца: у мінулым Уладзімір Рыгоравіч — кіраўнік “са стажам”, а таму добра ведае, як выбудоўваць адносіны з людзьмі.
Па стане на 1 студзеня на ўліку ва ўпраўленні па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Кобрынскага райвыканкама налічвалася 23899 ветэранаў і пенсіянераў усіх катэгорый, з якіх 4300 інвалідаў. Для арганізацыі работы па абароне іх грамадзянскіх, сацыяльна-эканамічных, працоўных і асабістых правоў, што з’яўляецца прыярытэтнай мэтай дзейнасці Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў, на Кобрыншчыне дзейнічаюць 56 “пярвічак”. Іншымі словамі, клопат пра ветэранаў вядзецца практычна ў кожнай арганізацыі, на прадпрыемстве і ў сельскай гаспадарцы.
Галаўным “мозгам” ветэранскага руху на Кобрыншчыне з’яўляецца савет ветэранаў у складзе 31 члена. За першае паўгоддзе бягучага года гэтай ветэранскай структурай праведзены 2 пленумы, на якіх былі разгледжаны пытанні, што датычыліся медыцынскага абслугоўвання ветэранаў раёна, патрыятычнага выхавання моладзі, надыходзячых парламенцкіх выбараў і многага іншага. Праблемы мясцовага характару, у тым ліку арганізацыя вольнага часу пажылых людзей, падтрымка ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, якіх на сённяшні дзень у раёне засталося 80 чалавек, вырашаюцца на прэзідыумах. Абавязковым пунктам парадку дня такіх пасяджэнняў з’яўляюцца 1-2 справаздачы “пярвічак”. Як заўважыў Уладзімір Кузіч, гэта дае ім магчымасць адследжваць, як выконваюцца правы ветэранаў, замацаваныя ў калектыўных дагаворах, і дазваляе “пярвічкам” абменьвацца вопытам. Улічваючы той факт, што работа ветэранскіх арганізацый будуецца практычна на грамадскіх пачатках, а іх дзейнасць напрамую залежыць ад асабістых якасцяў старшынь, апошніх у Кобрынскім савеце ветэранаў бачаць і цэняць. У якасці прыкладу Уладзімір Рыгоравіч прывёў дзейнасць ветэранскай арганізацыі Кобрынскага кансервавага завода (нагадаем: завод прыпыніў сваю дзейнасць у 2013 годзе) і яе кіраўніка Ганны Шутро.
Пра Кобрынскі савет ветэранаў можна сказаць, што гэта суполка з традыцыямі. Тут маюцца на ўвазе культурна-масавыя мерапрыемствы, якія праводзяцца ветэранамі на пастаяннай аснове, у тым ліку віншавальныя акцыі да юбілейных і святочных дат, разнастайныя працоўныя дэсанты, тэматычныя сустрэчы з моладдзю, святочныя аўтапрабегі. Напрыклад, сёлета нашы ветэраны цэнтралізавана наведалі Белавежскую пушчу, арганізавалі аўтапрабег да дня Перамогі па месцах баявой славы, пра што Улазімір Кузіч адзначыў з удзячнасцю да сваіх партнёраў: Кобрынска-Маларыцкай МРАС ДТСААФ, філіяла Кобрынскае УМГ ААТ “Газпрам трансгаз Беларусь” і іншых.
Варта заўважыць, што раённы савет ветэранаў працуе ў цесным узаемадзеянні з Кобрынскім ТЦСАН і гарадскім аб’яднаннем прафсаюзаў, што, па словах Уладзіміра Кузіча, дазваляе ім вырашаць сур’ёзныя сацыяльныя праблемы, з якімі звяртаюцца пажылыя грамадзяне. За апошнюю “пяцігодку” такіх зваротаў было больш чым 100, і значная частка іх была вырашана станоўча.
Пра наяўнасць праблем у пажылых людзей сведчылі шматлікія тэлефонныя званкі, якімі суправаджалася наша размова, падчас сустрэчы наконт напісання гэтага матэрыяла. Дарэчы, значная колькасць іх датычылася звычайных чалавечых зносін. Мяркую, усім нам, паважаныя чытачы, ёсць над чым задумацца.
Людміла ДУБІНА.
НА ЗДЫМКУ: у скверы імя Пуганава (злева направа) адказны сакратар Кобрынскай раённай арганізацыі Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў Маргарыта Газук, Уладзімір Кузіч і ветэран Вялікай Айчыннай вайны Міхаіл Гароднік.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *